Вы тут

Бацька Максіма Знака расказаў пра спатканне з ім у СІЗА

Аляксандр Знак / кадр з відэа

Палітвязень Максім Знак атрымаў спатканне з бацькам Аляксандрам Знакам у СІЗА №1 ("Валадарка"), паведамляе прэс-служба Віктара Бабарыкі.

Па словах бацькі, спатканне адбывалася праз шкло, з сынам ён размаўляў па тэлефоннай слухаўцы. На сцяне вісела папера з указаннем, на якія тэмы размаўляць нельга. 

Максім на спатканні быў не ў кайданках, ён у добрай фізічнай форме. Аляксандр Знак параіў сыну пагаліцца нагала, але жонка не дазваляе.

Суд, які адбыўся напярэдадні, Максім Знак назваў спектаклем. Па яго словах, яны з Марыяй Калеснікавай прапаноўвалі даць інтэрв'ю дзяржаўным каналам, але тыя адмовіліся.  

Аляксандр Знак звярнуўся з просьбай да ўсіх, хто падтрымлівае сваякоў палітвязняў. Ён просіць не пісаць, што ўсё будзе добра і асуджаныя не адседзяць увесь тэрмін. "Калі такое адбудзецца, тады можна пісаць. А зараз вы пасяляеце пустую надзею ў нашых сэрцах", — патлумачыў ён.

Напрыканцы сустрэчы бацька распавёў Максіму пра ягоную маленькую сястру Машу. Яна нарадзілася, калі Максім быў ужо за кратамі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.