Хто ў Еўропе пагадзіўся плаціць за расійскі газ рублямі?

Расійскі "Газпрам" ужо спыніў пастаўкі газу ў Балгарыю і Польшчу / АР
Расійскі "Газпрам" ужо спыніў пастаўкі газу ў Балгарыю і Польшчу / АР

27 красавіка з'явілася інфармацыя, што Аўстрыя нібыта пагадзілася на расійскія ўмовы аплаты за газ і гатовая разлічвацца рублямі. Пра гэта паведаміла ВВС. Аднак пазней канцлер Аўстрыі Карл Нехамер заявіў, што яго краіна будзе плаціць у еўра.

Раней пра гатоўнасць плаціць за расійскі газ рублямі заявілі ўлады Сербіі і Венгрыі.

Паводле дадзеных ВВС, на расійскія ўмовы можа пагадзіцца і Германія. У нямецкім энергетычным канцэрне Uniper кажуць, што гэтае пытанне цяпер абмяркоўваецца з уладамі. Час пакуль ёсць: наступны плацёж у кампаніі — у канцы траўня.

Расійскі "Газпрам" ужо спыніў пастаўкі газу Балгарыі і Польшчы, якія адмовіліся плаціць у рублях. У Маскве таксама папярэдзілі ўлады гэтых краін-транзіцёраў, што ў выпадку "несанкцыянаванага адбору расійскага газу з транзітных аб'ёмаў у трэція краіны пастаўкі для транзіту будуць скарочаныя на гэты аб'ём".

У Варшаве пацвердзілі, што больш не маюць намеру купляць у Расіі газ. А міністр энергетыкі Балгарыі Аляксандр Нікалаў абвінаваціў "Газпрам" у парушэнні кантракту. Паводле яго слоў, Балгарыя цалкам аплаціла красавіцкія пастаўкі газу. Тым не менш, газ у краіне пакуль ёсць — "балгарскія газавыя сховішчы здольныя забяспечыць унутраных спажыўцоў пасля адмены расійскіх паставак" на месяц.

У канцы сакавіка — пасля ўвядзення санкцый супраць Расіі праз яе агрэсію ва Украіне — расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін даручыў "Газпраму" перавесці кантракты, заключаныя з "недружалюбнымі" краінамі, у расійскія рублі. У ЕС тады адказалі, што не будуць плаціць за расійскі газ у рублях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі