Вы тут

Атрымаць беларускі пашпарт замежнікам стане прасцей

Беларускі пашпарт / БЕЛТА

У Беларусі плануецца спрасціць працэдуру атрымання грамадзянства па "праве глебы". Адпаведныя папраўкі ўнесеныя ў законапраект, які на вясновай сесіі разгледзіць у першым чытанні Палата прадстаўнікоў. 

Плануецца пэўная лібералізацыя працэдуры набыцця беларускага грамадзянства паводле так званага "прынцыпу глебы". "Дзіця ад замежніка, якое пастаянна пражывае ў Беларусі, можа атрымаць грамадзянства ў спрошчаным парадку, прайшоўшы пэўныя працэдурныя моманты", — перадае БЕЛТА словы начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна.

У спрошчаным парадку беларускае грамадзянства штогод атрымліваюць каля трох тысяч замежных грамадзян і асоб без грамадзянства. "Гэта Расія, Украіна, усе дзяржавы былога Савецкага Саюза і некаторыя краіны далёкай дугі", — тлумачыць міліцэйскі чыноўнік.

Беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку прапануецца надаваць замежнікам, якія атрымліваюць у нашай краіне прафесійную адукацыю. Пры гэтым тэрмін, на працягу якога чалавек павінен бесперапынна пражываць у Беларусі, скарачаецца з 7 да 5 гадоў.

Калі замежнік атрымаў у Беларусі вышэйшую адукацыю і працуе ў нашай краіне не менш за тры гады, ён зможа атрымаць грамадзянства паводле льготнага парадку. Спрошчаны парадак таксама плануецца дазволіць замежнікам, якія знаходзяцца ў шлюбе з беларусамі не менш за тры гады, маюць дзяцей — грамадзян Беларусі.

Аднавіць беларускае грамадзянства ў спрошчаным парадку змогуць людзі, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і вярнуліся на пастаяннае пражыванне ў Беларусь.

А вось асобаў, якія ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай ці іншай экстрэмісцкай дзейнасці з прычыненнем цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, прарпаноўваюць пазбаўляць грамадзянства. Праўда, гэта не будзе распаўсюджвацца на тых, хто атрымаў беларускае грамадзянства па нараджэнні.

Распрацоўшчыкі законапраекта прапаноўваюць пашырыць пералік падстаў для адмовы ў спыненні беларускага грамадзянства. Такую адмову прапануюць распаўсюдзіць не толькі на абвінавачаных, але і на падазраваных па крымінальных справах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.