Вы тут

Асуджаныя лідары каталонскіх незалежнікаў, "Барса" падтрымала палітвязняў

Вулічная акцыя ў падтрымку асуджаных / Reuters

Лідары каталонскіх незалежнікаў асуджаныя на тэрміны ад 9 да 13 гадоў. Вярхоўны Суд Іспаніі прызнаў іх вінаватымі ў мецяжы і растраце, інфармуе "Бі-Бі-Сі".

Сярод дзевяці асуджаных — былы віцэ-прэзідэнт Каталоніі Арыёл Жункерас, ён атрымаў найбольшы тэрмін — 13 гадоў. Трое чалавек атрымалі па 12 гадоў, адзін — 11,5 гады, двое — 10,5, яшчэ двое — па 9 гадоў. Трох каталонцаў абвінавацілі ў непадпарадкаванні, аднак за краты іх не адправілі, толькі пазбавілі права на год і восем месяцаў займацца пэўнай дзейнасцю.

Вярхоўны Суд Іспаніі падкрэслівае, што лідары каталонскіх незалежнікаў не заклікалі і не ўдзельнічалі ў гвалтоўных дзеяннях па аддзеленні Каталоніі ад іспанскай дзяржавы, аднак усвядомлівалі, што іх дзеянні могуць прывесці да сутыкненняў, паведамляе meduza.io.

Усе 12 незалежнікаў адрынулі выстаўленыя ім абвінавачанні.

Як вядома, у 2017-м у Каталоніі прайшоў рэферэндум за незалежнасць гэтага рэгіёна Іспаніі. Яго арганізатары і трапілі пад суд. Мадрыд жорстка адрэагаваў на акцыю каталонскіх незалежнікаў: парламент Каталоніі быў распушчаны, прайшлі арышты. Кіраўнік каталонскага ўраду Карлес Пучдэмон паспеў выехаць за мяжу, ён жыве ў Бельгіі.

Футбольны клуб "Барселона" выступіў у абарону асуджаных. У распаўсюджанай заяве адзначаецца, што "турма — гэта не рашэнне". Клуб заклікае вырашаць канфліктную сітуацыю праз палітычны дыялог.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.