Вы тут

Асноўныя кандыдаты ў прэзідэнты Украіны прагаласавалі на выбарах

Уладзімір Зяленскі, набольш рэйтынгавы кандыдат у прэзідэнты Украіны. Фота: Громадське

Асноўныя кандыдаты ў прэзідэнты Украіны прагаласавалі сёння на выбарах. Гэта актор-комік Уладзімір Зяленскі, дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка, кіраўніца аб'яднання “Бацькаўшчына” Юлія Цімашэнка, а таксама палітыкі Анатоль Грыценка і Юрый Бойка.

Усяго на пасаду кіраўніка краіны прэтэндуюць 39 чалавек. Паводле ранейшых сацыялагічных апытанняў, найбольш рэйтынгавымі былі Зяленскі, Парашэнка і Цімашэнка.

У спісах выбаршчыкаў — 35,5 мільёна ўкраінцаў. Па стане на 15:00 яўка склала 43,86% выбаршчыкаў, паведамляе Громадське.

Выбарчыя ўчасткі працуюць як на тэрыторыі Украіны, так і за яе межамі, у тым ліку ў Беларусі. Украінскія грамадзяне, якія жывуць у Мінску і Мінскай вобласці, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, могуць прагаласаваць у амбасадзе Украіны ў Мінску. Жыхары Брэсцкай і Гродзенскай абласцей — у консульстве ў Брэсце.