Асартымент тавараў у беларускіх крамах скараціўся на 10-30%

Еўраопт ў Жодзіна / Ілюстрацыйнае фота news.zerkalo.io
Еўраопт ў Жодзіна / Ілюстрацыйнае фота news.zerkalo.io

Асартымент тавараў у беларускіх крамах з пачатку года скараціўся на 10-30%, піша выданне "Беларусы і рынак" са спасылкай на кіраўніка інтэрнэтрэсурсу Belretail.by Сяргея Скарахода.

"Больш за ўсё скарачэнне назіраецца ў катэгорыі нехарчовых тавараў", — кажа эксперт. Паводле яго слоў, з паліц крамаў знікае прадукцыя тых брэндаў, якія пасля пачатку вайны ва Украіне заявілі пра свой зыход з рынкаў Расіі і Беларусі. Да прыкладу, стала праблематычна знайсці прадукты кампаніі Henkel. Тое, што прадаюць — гэта альбо рэшткі са складоў, альбо так званы "паралельны" імпарт.

Асартымент імпартнай прадукцыі скарачаецца яшчэ і праз санкцыі і складаную лагістыку. Але падаюць і даходы насельніцтва. А рэнтабельнасць працы гандлю шмат у чым залежыць ад пакупніцкай здольнасці людзей. Плюс адбіваюцца і дзеянні ўладаў па кантролі за коштамі.  

"Найбліжэйшым часам інфляцыя, падзенне даходаў і негатыўныя чаканні насельніцтва не знікнуць, а значыць, для рэтэйлераў сітуацыя будзе і далей пагаршацца", — кажа Скараход. Паводле яго слоў, масавага закрыцця гандлёвых сетак цяпер няма. Але аптымізацыя будзе: сеткі ўжо адмаўляюцца ад маларэнтабельных гандлёвых кропак і планаў па прасоўванні ў новыя рэгіёны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі