Вы тут

"Арзамасаву не звальнялі" — у федэрацыі пракаментавалі пост спартсменкі

Марына Арзамасава / sb.by

Марына Арзамасава не была ў штаце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы, таму звольніць яе адтуль было немагчыма. Так у Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі пракаментавалі паведамленні СМІ пра яе звальненне.

Чэмпіёнка свету ў бегу на 800 метраў Арзамасава напярэдадні напісала ў сацсетках, што засталася без працы. "Заўтра пачынаю новае жыццё. Жыццё без працы, без фінансавання і без пэўнай мэты", — расказала Арзамасава .

СМІ зрабілі няслушныя высновы, сцвярджаюць у федэрацыі.

"Паведамляем, што Марына не была працаўладкаваная ў РЦАП па лёгкай атлетыцы, адкуль яе паспяшаліся звольніць тыя, хто не валодае дакладнай інфармацыяй. На сённяшні дзень яна знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці і, як і раней, праходзіць службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні БФЛА.

У Арзамасавай падпісаны кантракт да18 жніўня 2021 года, і "ніхто не будзе яго перарываць раней за названы тэрмін", сказаў старшыня спорткамітэта УС палкоўнік Анатоль Ханеўскі.

У федэрацыі адзначылі, што падставай для публікацыі паста стала хутчэй рашэнне па допінгавай справе, якая чакаецца ў найбліжэйшыя дні.

Пасля выбараў Марына Арзамасава далучылася да спартсменаў, якія выступілі супраць гвалту ў краіне. Потым адклікала свой подпіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.