Арыштаваны моладзевы актывіст Максім Дашук, яму пагражае да 3 гадоў турмы

Крымінальная справа распачата супраць моладзевага актывіста 17-гадовага Максіма Дашука. Яго ўчора арыштавалі ва Ўпраўленні ўнутраных спраў Маскоўскага раёна Мінска.
Дашук быў удзельнікам “працэсу 14-ці”. Тады яго асудзілі на паўтара года абмежавання волі. Учора маладзёну высунулі абвінавачванне ў парушэнні парадку адбывання пакарання. Яго змясцілі ў следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Дашуку пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі, інфармуе “Хартыя ‘97”.

Як распавёў адвакат Максіма Павел Сапелка, маці актывіста — індывідуальны прадпрымальнік, бацькі – няма.

У сувязі з цяжкім фінансавым становішчам у сям'і Дашук дапамагаў маці па працы. З-за гэтага зафіксавана каля пяці парушэнняў парадку адбывання пакарання. Маладзёну дазвалялася пакідаць кватэру толькі з 10-й раніцы да 12 гадзінаў дня. Некалькі разоў, калі міліцыянты прыходзілі з праверкай, актывіста дома не было.

Такім чынам, у турмах Беларусі сёння знаходзяцца 5 палітвязняў: ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка, а таксама яшчэ адзін удзельнік “працэсу 14-ці” Арцём Дубскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі