Арыштаванаму журналісту дазволілі развітацца з памерлай бабуляй і не адпусцілі

Дзяніс Івашын / фота з сацсетак
Дзяніс Івашын / фота з сацсетак

Журналіста-расследавальніка Дзяніса Івашына з Гродна абяцалі прывезці, але так і не адпусцілі на пахаванне бабулі, за якой ён даглядаў апошні год. Пра гэта расказала ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" мама журналіста Людміла.

Бабуля памерла 26 траўня. Івашын ў зняволенні з сярэдзіны сакавіка. Яго абвінавачваюць ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў.

Людміла распавяла, што прасіла Следчага Аляксандра Лаўрэнчука дазволіць Дзянісу развітацца з блізкім чалавекам. Следчы адмовіў, але потым жанчыне ператэлефанавалі і паведамілі, што дазвол атрыманы, Дзяніса прывязуць. Натуральна, папрасілі не рабіць відэа і фота.

"Раніцай у дзень пахавання, 28 траўня, я ператэлефанавала Лаўрэнчуку і спытала, ці ўсё ў сіле, ці будзе Дзяніс. Следчы абурана сказаў, што нічога не ведаў: яго паставілі перад фактам і ён дасюль супраць, пастанавілі без яго. Мы чакалі. Я стаяла каля акна, каб бачыць уезд на могілкі, з надзеяй, што ўсё ж прывязуць Дзяніса. Не прывезлі", — распавяла Людміла.

Яна таксама паведаміла некаторыя падрабязнасці пра стан здароўя Дзяніса, які трапіў у турэмную бальніцу. Людміла сустракалася з турэмным доктарам.

"Калі я спытала, што здарылася з сынам, ён пачаў з фразы: "Інфаркту не было". Пэўна, бачыў, у якім я была стане, і найперш вырашыў мяне супакоіць", — распавяла Людміла.

Арестованному журналисту разрешили проститься с умершей бабушкой и не отпустили
Людміла Івашына / 3beltv.eu

Па словах супрацоўніка турэмнай бальніцы, на фоне пастаяннага эмацыйнага і псіхалагічнага стрэсу "пачаліся змены ў працы сэрца. Пачалося пачашчэнне і заміранне рытму. Як ад гэтага пазбавіцца? Толькі выключыць стрэс". "А як выключыць стрэс у гэтых умовах і колькі гэта будзе яшчэ трываць?" — задае рытарычнае пытанне мама журналіста.

Людміла прасіла, каб сына паклалі на амбулаторнае абследаванне, але ёй сказалі: "Неабходнасці ў шпіталізацыі няма".

Па словах жанчыны, Дзяніс ужо двойчы быў у карцары і на яго ў турме спрабуюць псіхалагічна ціснуць. Яго рэгулярна вазілі на размовы ў КДБ без адваката, патрабавалі прызнанняў. "У чым Дзяніс павінен прызнавацца? Ён ні ў чым не вінаваты", — кажа жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі