Артыстак для беларускіх алімпійцаў адбіраў асабіста Лукашэнка

Алімпіяда-2008 можа стаць самай яскравай падзеяй у жыцці Ані Шаркуновай. Каб патрапіць у Пекін, спявачцы нават давялося адмяніць канцэрты ў Беларусі. Разам з ёй, падтрымаць нашых алімпійцаў у Кітай паехалі яшчэ чатыры артысткі - дзяўчаты з гурта “Верасы”, Вікторыя Алешка і спявачка Жанэт. Як даведалася Еўрарадыё, дзяўчат для спартоўцаў выбіраў сам прэзідэнт.
Падчас Алімпіяды ў «Беларускім доме» ў Пекіне будзе працаваць забаўляльны цэнтр. Упершыню ў склад алімпійскай дэлегацыі Беларусі ўключылі месцы і для артыстаў. Еўрарадыё вырашыла высветліць, хто і якім чынам адбіраў шчасліўчыкаў.

Нечакана выявілася, што НАК ніякага дачынення да выбару артыстаў не мае. Таксама як і Міністэрства культуры. Прэс-аташэ Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі Пётр Рабухін нават не ведае, хто з выканаўцаў паехаў у Пекін:

“Хто – не ведаю, бо я жыву ў алімпійскай вёсцы, а яны асобна... напэўна ўсе жывуць у горадзе, нікога тут няма, таму, я нават і не ведаю... У міністэрстве культуры пытайцеся, мы іх не адбіралі... Мы адбіралі толькі спартсменаў”.

Але як выявілася, і ў Міністэрстве культуры пра адбор нічога не ведаюць. Спіс “групы падтрымкі” нам агучылі ў Моладзевым тэатры эстрады, мастацкі кіраўнік якога Васіль Раінчык разам з артыстамі знаходзіцца цяпер ў Пекіне:

“Спявачка Жанэт, Аня Шаркунова, толькі дзяўчаты з гурта “Верасы” і Вікторыя Алешка. Толькі гэтыя артысты, пяць дзяўчат”.

Па словах супрацоўніка тэатра эстрады, артыстаў на Алімпіяду выбіраў сам прэзідэнт краіны:

“Гэта па просьбе кіраўніка дзяржавы”.

Прадзюсар спявачкі Шаркуновай Уладзімір Кубышкін вельмі ўсцешаны за сваю падапечную. Пра тое, што Аня паедзе ў Пекін яму паведаміў Васіль Раінчык:

“Мне асабіста пазваніў Васіль Пятровіч Раінчык... Я шчыра спадзяюся, што тое, што Аня паехала ў Пекін падтрымаць нашых спартсменаў, супадае з жаданнем саміх спартоўцаў бачыць яе там”.

Уладзімір лічыць прысутнасць Ані на Алімпіядзе не меншай падзеяй, чым самі алімпійскія гульні:

“Я вельмі рады за Аню. Гэта сапраўдная падзея – і сама Алімпіяда, і прысутнасць на ёй Ані”.

А тое, што з-за паездкі давялося адмяніць некаторыя канцэрты, прадзюсара Шаркуновай не засмучае. Другой такой магчымасці можа і не быць, кажа ён:

“Ведаючы ўжо, што будзе паездка, ведаючы прыкладны час паездкі, канешне, мы ад некаторых прапановаў адмаўляліся... Але гэта таго варта, таму што магчыма, гэта Алімпіяда будзе самым яскравым уражаннем у жыцці Ані, і яна гэта разумее”.

Дарэчы, сама Аня — вельмі спартыўная дзяўчына. У будучыні яна нават хоча прафесійна заняцца спортам, кажа Уладзімір Кубышкін:

“Аня вельмі добра плавае, вельмі добра! Яна вельмі спартыўная дзяўчына. Нядаўна яна пачала вучыцца катацца на каньках, і напэўна з восені пойдзе гуляць у тэніс, таму што хоча быць не побач са спортам, а ў самім спорце”.

Што ж, прынамсі на адну Алімпіяду Аня Шаркунова патрапіць ужо здолела. Пакуль, праўда, толькі ў якасці групы падтрымкі.


Фота: www.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі