Аршанскі авіярамонтны завод вяртаецца ва ўласнасць дзяржавы

Аршанскі авіярамонтны завод вяртаецца ва ўласнасць дзяржавы

Аршанскі авіярамонтны завод вяртаецца ва ўласнасць беларускай дзяржавы. 11 ліпеня падчас наведвання прадпрыемства пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Раней уласнікамі завода былі ўкраінская фірма "Матор Січ" і беларускае ЗАТ "Сістэмы інвестыцый і інавацый". Пра тое, што прадпрыемства збіраюцца вярнуць дзяржаве, стала вядома ў сакавіку, праўда, з неафіцыйных крыніц. А ў траўні генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні былога гендырэктара прадпрыемства і службовых асобаў украінскай фірмы.

"Уласніка ўжо тут няма, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — Уласнікі — вы [дзяржаўныя арганізацыі]. Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што працэс вяртання завода ва ўласнасць дзяржавы ўжо падрыхтаваны і мусіць быць рэалізаваны на працягу ліпеня. Ён раскрытыкаваў Міністэрства транспарту і камунікацый за тое, што яно раней самаўхілілася ад сітуацыі на прадпрыемстве. Лукашэнка лічыць, што не істотна, каму належаць акцыі, галоўнае, "каб людзі... атрымлівалі нармальны заробак".

Таксама Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў дакладна акрэсліць перспектывы прадпрыемства і аднавіць яго эфектыўную працу. Ён паабяцаў пэўную падтрымку з боку дзяржавы "на нейкі перыяд".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі