Вы тут

Дзяржава можа вярнуць Аршанскі авіярамонтны завод

Фота: oarz.by

Дзяржава можа вярнуць сабе кантрольны пакет акцый Аршанскага авіярамонтнага завода. Пра гэта паведамляе партал tut.by, які спасылаецца на некалькі ананімных крыніц. У 2012-м дзяржпакет акцый прадпрыемства купілі беларуская і ўкраінская кампаніі — “Сістэмы інвестыцый і інавацый” (амаль 40%) і “Матор Січ” (каля 60%). Да 2016 года яны планавалі інвеставаць у рэканструкцыю, мадэрнізацыю каля 12 мільёнаў долараў, стварыць больш за 300 працоўных месцаў. Не ўсе планы былі рэалізаваныя.

Украінская кампанія выкупляла беларускі завод з прыцэлам на расійскі рынак. Аднак з-за сітуацыі на ўсходзе Украіны і пагаршэння ўкраінска-расійскіх адносін, “апынуліся цалкам заблакаваныя расійскія пастаўкі”. Прадпрыемства намагалася максімальна пашыраць геаграфію замоў, выйшла на рынкі шэрагу краін Афрыкі, Паўднёвай Амерыкі. У другой палове мінулага года сітуацыя на заводзе пагоршылася. Тады і пачаліся размовы, што дзяржава можа зноў стаць асноўным акцыянерам. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, цяпер рыхтуецца праект рашэння Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што кантрольны пакет прадпрыемства трапіць да спецэкспарцёра ўзбраенняў “Белспецзнештэхнікі”. Па іншай інфармацыі, будзе замена ўкраінскага акцыянера, які яшчэ паўгода таму “адхрысціўся ад завода”.