Вы тут

Аркадзя Ізраілевіча вызвалілі з СІЗА КДБ, абвінавачанне не прад'яўленае

Аркадзь Ізраілевіч. Фота з яго акаўнту ў Фэйсбуку

Аркадзя Ізраілевіча вызвалілі са следчага ізалятара КДБ у пятніцу, 9 лістапада. Пра гэта са спасылкай на яго жонку бізнесмена Маргарыту Ізраілевіч паведамляе Радыё "Свабода".

Па словах Маргарыты, абвінавачанне Ізраілевічу не выставілі. Каментары наконт свайго затрымання ён даваць пакуль не хоча. 

Звесткі пра затрыманне бізнэсоўца з'явіліся ўвечары 31 кастрычніка. Паведамлялася, быццам яго затрымалі напярэдадні пры спробе даць хабар.

Ніводная сілавая структура некалькі дзён не пацвярджала яго затрымання, а прэс-сакратар КДБ Андрэй Яраш 1 лістапада паведаміў Еўрарадыё, што "камітэт не затрымліваў гэтага бізнесмэна". "Мы не маем дачынення да гэтага затрымання", — дадаў Яраш.

Аднак пазней стала вядома, што Ізраілевіча знаходзіцца менавіта ў СІЗА КДБ: яго жонка перадавала туды перадачу. Не выключана, што затрымлівала яго адно ведамства, а следчыя дзеянні (калі яны былі) праводзіла іншае.