Apple Tea навучаць "парнатаўцаў" жывой імправізацыі

Легендарныя Apple Tea, якія нядаўна аб’ехалі з канцэртамі ўсю Беларусь, наведалі родную Alma Mater – гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка, больш вядомую як “Парнат” Некалі выпускнікі “Парнату”, а цяпер вядомыя музыкі гурта Apple Tea Ігар Сацэвіч і Аляксандр Сапега, вырашылі ўзяць шэфства над роднай школай  і арганізаваць там факультатыў, дзякуючы якому дзеці маглі б навучыцца іграць жывую імправізацыйную музыку. Дзеля гэтага Apple Tea адыгралі перад "парнатаўцамі" гадзінны канцэрт.

Паводле словаў Ігара Сацэвіча, ідэя гэта не новая: некалі падчас яго вучобы ў “Парнаце” вядомы бас-гітарыст Барыс Бернштэйн дапамагаў цікаўным разумець і іграць незвычайную для тых часоў музыку:

Ігар Сацэвіч: “Гэта гісторыя ўжо была. Калі мы хадзілі ў школу, да нас прыходзіў Бора Бернштэйн – басіст залатога складу “Песняроў”, але тады ён яшчэ працаваў у рэстаране “Каменная кветка”. Там былі вельмі моцныя музыкі, якія гралі прасунутую добрую праграму, напрыклад, Хэрбі Хэнкака, Чака Манджоні, іншых выканаўцаў, і прыносілі нам ноты,  дзяліліся бясцэннай інфармацыяй – фірмовымі аранжыроўкамі, якія не маглі не гучаць. З намі Барыс займаўся, прыходзіў да нас кожную нядзелю, працаваў абсалютна задарма.

І мы хочам, каб сёння адрадзілася гэтая традыцыя. Адмыслова адбыўся гэты канцэрт. Можа некага нешта зацікавіць, і мы будзем таксама так, у фармаце факультатыва весці ансамбль, дапамагаць дзецям, прыносіць ноты, часам займацца з імі. То бок, вось такая ідэя, па-мойму, вельмі добрая!”

Пераўтварыць ідэю ў жыццё музыкі Apple Tea вырашылі ў сваёй роднай школе: па-першае, іх тут усе ведаюць і ім давяраюць, а па-другое – прыемна дапамагаць школе, калідоры якой яшчэ памятаюць твае крокі і галасы!

Па словах Аляксандра Сапегі, пачынаць рабіць школу трэба з меншага – павесіць аб’яву і скласці ансамбль з жадаючых, а там час пакажа:

Аляксандр Сапега:
“Намі рушыць толькі высакародная ідэя, няма ніякаць карысці. З іншага боку, калі гэта будзе ўжо музычная школка, то трэба будзе ўладкоўваць на працу маіх студэнтаў, ці інструменталістаў Ігара. Гэта будзе складана, і мы не спадзяемся, што гэта будзе хутка. У любым выпадку мы пачнем з малога: пасля гэтага канцэрта з’явяцца жадаючыя, мы павесім аб’яву, арганізуем дзяцячы ансамбль і будзем займаццца”.

Дапамагчы музыкам Apple Tea заахвоціць вучняў “Парната” уступаць у “шэрагі сур’ёзных прафесіяналаў” вызвалася дачка Ігара Сацэвіча Паліна – “парнатаўка” у другім пакаленні, якая выканала разам з гуртом песні “Стоят девчонки” і “Колыбельная Умки”. А “парнатаўцы” не ўпусцяць свой шанец,  што было бачна і чутна па іх рэакцыі на сола, па апладысментах і па імпэту, з якім яны кінуліся на сцэну за аўтографамі, як толькі канцэрт Apple Tea закончыўся.




Зміцер Падбярэзскі – вядучы канцэртаў каманды, якія адбыліся ў рамках туру па Беларусі, лічыць канцэрт у Парнаце часткай туру і бачыць у ім працу на будучыню:

Зміцер Падбярэзскі: “Я думаю, гэты канцэрт можна цалкам залічваць у рамкі туру. Тут вельмі цікавы быў прыём: я ўбачыў няхай маладую аўдыторыю, але аўдыторыю ўжо падрыхтаваную, таму што яны рэагавалі на сола, яны апладзіравалі, ім падабалася. Не як прафесіяналы, а як будучыя прафесіяналы яны ацэньвалі тое, што ім паказвалі са сцэны. Дай Бог, каб тыя музыкі, якія здольныя граць жыўцом, выступалі ў тым ліку і тут. Таму што гэта не проста абмен досведам, не проста нейкая форма навучання, гэта, па сутнасці, праца на будучыню”.












Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі