АНТ вінаваціць назіральнікаў у падрыхтоўцы фальсіфікацый вынікаў назірання

АНТ вінаваціць назіральнікаў у падрыхтоўцы фальсіфікацый вынікаў назірання

“У нашу рэдакцыю прыйшло паведамленне ад удзельніка аднаго з трэнінгаў па назіранні за ходам галасавання. Ён сцвярджае, што стаміўся ад хлусні і хоча абнародаваць цікавыя звесткі. Яны даказваюць: нягледзячы на тое, што да галасавання яшчэ дзевяць дзён, справаздачы аб парушэннях ужо гатовыя, а назіранне для большасці актывістаў даўно ператварылася ў надзейны спосаб заробку”, ― інтрыгуе голас за кадрам сюжэту АНТ.

Усё расследаванне грунтуецца на запісе, нібыта зробленым адным з удзельнікаў трэнінгу, што ладзіць кампанія для назіральнікаў. На запісе ўдзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць недахоп людзей у кампаніі, нежаданне асобных кандыдатаў татальнага назірання на іх акрузе, кажуць пра неабходнасць пачынаць загадзя запаўняць заяву аб непрызнанні вынікаў выбараў.

У адрозненне ад журналістаў АНТ мы звязваемся з удзельнікамі той “нарады пад запіс”. Каардынатарка кампаніі Вольга Кавалькова сцвярджае: у тым, што ёсць адмысловыя ўзоры і формы скаргаў, няма нічога сенсацыйнага.

Вольга Кавалькова: “На любое парушэнне пэўных артыкулаў існуюць скаргі, іскавыя заявы ў суд ― у іх ёсць формы. Бо такія парушэнні здзяйсняліся раней. Тое ж і тут: падчас папярэдніх выбараў мы фіксавалі парушэнні розных артыкулаў Выбарчага кодэкса, нашы назіральнікі ведаюць, што такія парушэнні могуць быць і сёлета, і яны павінны быць да гэтага падрыхтаваныя”.

“Мы ніякіх фальсіфікацый вынікаў назірання не рыхтуем. Мы разумеем, што нашы назіральнікі ― гэта не юрысты, якія лёгка могуць правільна аформіць скаргу. І таму так ― у нас ёсць шаблоны скаргаў. Бо мы ведаем, якія звычайна бываюць парушэнні. Але калі не будзе парушэнняў, то не будзе і скаргаў. Будуць парушэнні ― будуць скаргі, гэта ж зразумела”, ― падтрымлівае калегу Леў Марголін.

Але што там са “скаргай аб непрызнанні вынікаў выбараў”, якую, у адпаведнасці з запісам, “ужо цяпер можна паціху запаўняць”?

“Заяву аб непрызнанні выбараў могуць рабіць кандыдаты ў дэпутаты, а не назіральнікі. Ці будуць яны гэта рабіць ― гэта ўжо іх справа. Усе тыя ўзоры скаргаў, што мы рыхтуем, ёсць у нашым працоўным сшытку, які атрымоўваюць назіральнікі. Думаю, што і нашы гераічныя спецслужбы даўно ўжо маюць гэты наш сшытак, бо нічога там сакрэтнага няма, і мы яго ні ад каго не хаваем”, ― кажа Леў Марголін.

Выбарчая кампанія дзеліцца на некалькі этапаў: фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, кандыдатаў у дэпутаты, датэрміновае галасаванне і гэтак далей, тлумачыць Вольга Кавалькова. Парушэнні падчас кожнага з этапаў фіксуюцца і аналізуюцца. І ўжо сёння кандыдаты ў дэпутаты пры жаданні могуць зафіксаваныя на іх акрузе парушэнні ўносіць у сваю будучую “скаргу аб непрызнанні вынікаў выбараў”. Але гэта не азначае, што яна абавязкова будзе пададзеная.

Дарэчы, па словах Льва Марголіна, сустрэча, запіс з якой гучыць у сюжэце АНТ, сапраўды была напрыканцы студзеня ці ў першыя дні лютага. Вось толькі ў тым, што запіс зроблены адным з яе ўдзельнікаў, суразмоўца Еўрарадыё моцна сумняваецца.

Леў Марголін: “Ніякіх актывістаў на той сустрэчы не было ― там былі сябры сакратарыяту кампаніі “Права выбару”. Гэта была рабочая нарада, якая праходзіла ў офісе кампаніі. Офіс месціцца ў кватэры, якую нам прадставіў адзін з актывістаў нашай кампаніі.  Калі на такой сустрэчы прысутнічае 5 ці 6 чалавек, кожны з якіх вядомы да пазногцяў, то не можа быць, каб гэта нехта з іх выклаў. Да ўсяго, там вельмі добрая якасць гуку. Вы сабе ўявіце: калі нехта запісвае на тэлефон, які ляжыць у кішэні, то якасць будзе дрэнная і не аднолькавая, бо адзін чалавек сядзіць бліжэй, а другі ― далей. А там усіх добра чуваць. А гэта магчыма, толькі калі прафесійная апаратура стаіць”.

Патрабаваць выбачэнняў ад канала АНТ каардынатары кампаніі “Права выбару” не бачаць сэнсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі