Вы тут

Рок-н-рол назаўжды: як у Мінску адзначылі Дзень нараджэння клуба TNT

Дзень нараджэння TNT Rock Club / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

20 ліпеня TNT Rock Club з размахам адсвяткаваў свой сёмы Дзень нараджэння. 8 гадзін запар на двух пляцоўках выступалі гурты NizKiz, Rock City, The Apples, “Мерилин Монро”, Time Square, DC.BY, Double C и Kitchen Stuff Only. Кожны жадаючы змог паўдзельнічаць у музычных конкурсах, а таксама набыць на памяць цішоткі і сувеніры з атрыбутыкай клуба. Арт-дырэктар TNT Rock Club Яўген Агапаў распавёў журналісту Еўрарадыё, што за вечар свята наведала каля 700 чалавек:

“Мы пачыналі з рок-н-ролу і прыйшлі да яго. Спачатку гэта было не так маштабна, а цяпер мы ўжо выраслі з лакальнага мінскага клуба: хочаш не хочаш, але трэба рабіць нешта вялікае, напрыклад, нейкія оўпэн-эйры накшталт таго, які мы праводзім у гонар Дня нараджэння на нашай другой пляцоўцы пад адкрытым небам. Будзем працягваць гэтую традыцыю. Мы живем рок-н-ролам, усіх любім, і ўсё файна”.

Па словах арт-дырэктара, у клуба няма планаў скокаць вышэй за галаву. Цяпер самае важнае — захаваць традыцыі, якія ўжо ёсць, паказаць, што рок-н-рол назаўжды, хай і для пэўнага кола людзей.

Больш за ўсё гледачоў на фестывалі сабралася падчас выступу гурта NizKiz. У перапынку паміж песнямі лідэр калектыву Аляксандр Ільін узгадаў свае раннія выступы ў TNT Rock Club і пажадаў клубу расці далей, нягледзячы ні на якія складанасці.

“Я не магу сказаць, што NizKiz набыў папулярнасць дзякуючы TNT, — каментуе Еўрарадыё Яўген Агапаў. — Проста многія калектывы рабілі ў нас нейкія свае крокі і ўжо тады было зразумела, што аднойчы іх творчасць стане запатрабаванай. Я б узгадаў яшчэ музыкаў з гурта Re1ikt. У іх поспеху няма абсалютна ніякай нашай заслугі, але калісці яны гралі тут упершыню, і цяпер нам прыемна гэта ўзгадаць”.

Па словах самых крэпенькіх наведнікаў TNT Rock Club, свята завяршылася толькі пад раніцу.