Андрус Крывас: Беларусі трэба наладзіць дыялог з ЕС менавіта цяпер (фота)

Літва, як і ўвесь Еўрасаюз, прытрымліваецца прынцыпу “крытычнага ўдзелу ў лёсе Беларусі”. Каб сітуацыя змянілася ў лепшы бок, неабходная станоўчая рэакцыя беларускіх уладаў на праблемныя пытанні еўрапейска-беларускіх адносінаў. Гэта будзе выгадна найперш самой Беларусі. Такое меркаванне выказаў віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас.



Крывас: “Каб нешта змянілася, неабходна вызваліць і рэабілітаваць усіх людзей, якіх Еўрапейскі саюз прызнае палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Гэта неабходна для адкрытага і шчырага дыялогу з беларускімі ўладамі, падтрымкі каналаў дыпламатычнай камунікацыі. І гэта дасць магчымасць беларускім уладаў для пазітыўных дзеянняў”.

На думку віцэ-мінсітра, было б вельмі добра, каб беларускія ўлады скарысталіся магчымасцю наладзіць дыялог з ЕС праз вызваленне палітвязняў менавіта зараз, калі Літва старшынствуе ў Савеце Еўрасаюза. І калі прымаюцца гістарычныя рашэнні ў межах праграмы Усходняе партнёрства — на лістападаўскім саміце ў Вільні Украіна плануе падпісаць дамову аб асацыяцыі з ЕС, а Малдова і Грузія — парафіраваць такую ж дамову.



Андрус Крывас ухваліў пазіцыю Беларусі, якая падтрымала цэласнасць Грузіі і не далучылася да расійскіх санкцый супраць украінскіх, малдоўскіх і грузінскіх тавараў напярэдадні лістападаўскага саміту ў Вільні. Але ў чарговы раз падкрэсліў неабходнасць прытрымлівацца дэмакратычных каштоўнасцяў у пытаннях правоў чалавека. І паабяцаў, што Літва і надалей будзе падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і палітычную апазіцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі