Вы тут

Амбасада ЗША заклікае пакараць тых, хто разбурыў у Курапатах "лаву Клінтана"

twitter.com/ZmDashkevich

Амбасада ЗША ў Мінску выказала глыбокую занепакоенасць тым, што ў Курапатах 1 лютага разбілі мемарыяльную лаўку. Яна была ўсталяваная як дар беларускаму народу ад прэзідэнта ЗША Біла Клінтана 25 гадоў таму. 

"Мы заклікаем беларускія ўлады правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Мы перакананыя, што гэты ўчынак выклікае агіду ў грамадзян і ўладаў Беларусі. Знішчэнне лаўкі не адаб’ецца на падтрымцы з боку ЗША незалежнасці і сувэрэнітэту Беларусі, а таксама той канструктыўнай ролі, якую Беларусь адыгрывае ў рэгіёне", — гаворыцца ў заяве амбасады.

Амерыканскія дыпламаты адзначаюць, што лаўка, усталяваная ў Курапатах, сімвалізуе "такія агульныя каштоўнасці, як рашучае процістаянне тыраніі і тэрору, і надзею, што падзеі, якія адбыліся тут восемдзесят год таму, болей нідзе і ніколі не паўторацца".

Як паведамляла Еўрарадыё, памятны знак быў разбіты на чатыры кавалкі 1 лютага. Фатаздымак разбуранай лавы абнародаваў у сацсетках адзін з абаронцаў Курапатаў Зміцер Дашкевіч

Курапаты — месца масавага пахавання ахвяраў сталінскага рэжыму. "Лаву Клінтана", усталяваную на пачатку 1994 года, некалькі разоў разбуралі вандалы, аднак абаронцы Курапатаў яе аднаўлялі.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 5.02: