Вы тут

Амбасада ЗША і прадстаўніцтва ААН ушанавалі ў Мінску памяць Рут Уолер

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфер Мур (справа) / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

7 жніўня амбасада ЗША і прадстаўніцтва ААН ушанавалі ў Мінску памяць Рут Уолер. Амерыканская супрацоўніца Арганізацыі Аб'яднаных Нацый пахаваная на Вайсковых могілках беларускай сталіцы. Яна працавала ў структуры, якая аказвала эканамічную дапамогу еўрапейскім краінам. У жніўні 1946-га Уолер памерла пасля цяжкай хваробы.

Павераная ў справах Злучаных Штатаў Амерыкі ў Беларусі Джэніфер Мур лічыць, што склалася добрая традыцыя штогод ускладаць кветкі на магілу Рут Уолер:

"Гэта ўжо добрая традыцыя нашай амбасады, прадстаўніцтва ААН у Беларусі, беларускага МЗС і школы № 131 імя Рут Уолер прыходзіць сюды, ускладаць кветкі і ўспамінаць пра дзяўчыну, якая прыехала сюды будаваць паспяховы і квітнеючы свет. Рут Уолер аддала жыццё, ратуючы беларусаў. І дзякуй усім, хто сюды прыйшоў і ўспомніў аб гэтай выдатнай жанчыне".

Пастаянны каардынатар ААН Іаана Казана-Вішнявецкі заўважыла, што Рут Уолер была сярод першых прадстаўнікоў ААН, якія прыехалі аднаўляць Беларусь пасля Другой сусветнай вайны:

"Я ўдзячная ўсім, што мы кожны год адзначаем тут жыццё і працу Рут Уолер, якая памерла ў Беларусі. Яна прыехала ў Беларусь у 1945 годзе з першай місіяй ААН пасля вайны. Гэта былі вельмі складаныя часы для ўсіх пацярпелых краін. Місія ЮНРРА была накіравана на дапамогу бежанцам і дзецям-сіротам. Рут захварэла пасля таго, як выратавала трох дзяцей, якія танулі".

24-гадовая амерыканка Рут Уолер прыбыла ў Беларусь у красавіку 1946 года разам з кіраўніцтвам ЮНРРА для праверкі паставак гуманітарнай дапамогі. У жніўні таго ж года дзяўчына выратавала трох беларускіх хлопчыкаў, якія танулі. Неўзабаве Рут захварэла на запаленне лёгкіх і менінгіт і, нягледзячы на ​​намаганні беларускіх дактароў, памерла ў Мінску. У 2016 годзе яе імем названа школа № 131 у Мінску.