Вы тут

Аляксандр Лукашэнка — віцебскім аграрыям: "Вярніце даўгі"

Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

Сельскую гаспадарку Віцебскай вобласці трэба істотна мадэрнізаваць. Але даўгі віцебскім аграрыям ніхто спісваць не будзе. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 студзеня на нарадзе, прысвечанай працы аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці. 

З гэтай нагоды ён звярнуўся да прэм'ер-міністра Сяргея Румаса: "Сяргей Мікалаевіч, вы ж банкір, а прапануеце такое".

"Гаворка можа ісці толькі пра тое, што мы вам дамо нейкую аддушыну, каб вы маглі хапануць свежага паветра", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы Telegram-канал "Пул Первого". 

Лукашэнка запатрабаваў правесці істотную мадэрнізацыю сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці. Ён нагадаў, што гэтая вобласць знаходзіцца ў зоне крытычнага земляробства. Таму тут варта канцэнтравацца на вытворчасці малака і мяса.

"Калі ласка, дайце нам малако і мяса. Калі яны не разумеюць, колькі, давядзіце да іх, як у савецкія часы, заданні, планы, прагнозы, што заўгодна, але давядзіце да іх тыя аб'ёмы, якія яны павінны выдаць перапрацоўчым прадпрыемствам — і хай выконваюць. Планы павінны быць напружанымі настолькі, каб забяспечыць сваю гаспадарчую дзейнасць і вярнуць даўгі", — перадае БЕЛТА патрабаванне кіраўніка Беларусі.

Папярэдняя нарада па сельскай гаспадарцы Віцебскай вобласці адбылася ў Лукашэнкі два месяцы таму — у лістападзе 2019-га. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.