Вы тут

Аляксандр Івулін падпісаў новы кантракт з "Крумкачамі" ў зале суда

Аляксандр Івулін

Журналіст і футбаліст Аляксандр Івулін падпісаў новы прафесійны кантракт з ФК "Крумкачы" проста ў зале суда.

У мінулым сезоне ён таксама выступаў за гэты клуб, які гуляе ў першай лізе.

У сваім апошнім слове, якое перадае "Медыязона", Івулін сказаў, што апошнім часам яму хочацца больш заняцца футболам, чым журналістыкай. 

"І мінулай вясной — гэта было нялёгка, было цяжка, былі месяцы знясільваючых трэніровак, дзесяткі страчаных кілаграмаў, — але літаральна праз тры-чатыры месяцы я забіў свой першы мяч за першую прафесійную футбольную каманду. Так, гэта было ў таварыскім матчы, але паглядзець на гэты таварыскі матч сабралося столькі людзей, колькі не збіраюць некаторыя матчы беларускай футбольнай вышэйшай лігі", — згадаў Івулін свой трыумф.

Ён падкрэсліў, што на матчы не было ніякіх эксцэсаў і правапарушэнняў. "Таму я б вельмі папрасіў вас, высокі суд, не пазбаўляць мяне магчымасці працягваць рабіць беларускі футбол лепшым і дазволіць зрабіць так, каб я не атрымаў пазбаўленне волі і працягнуў сваю кар'еру футбаліста", — звярнуўся спартовец да суда.

Аляксандра Івуліна судзяць за ўдзел у вулічных маршах 2020 года. Яго вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пракурор просіць прызначыць яму два гады зняволення. Прысуд будзе агучаны сёння ў 16:00.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.