Вы тут

Пракурор папрасіў 2 гады калоніі для журналіста Аляксандра Івуліна

Аляксандр Івулін 

Бок абвінавачвання папрасіў для спартыўнага журналіста Аляксандра Івуліна 2 гады калоніі. Пра гэта паведамляе "Медиазона" са спасылкай на слухачоў у зале суда.

Паводле версіі следства, 23 жніўня і 27 верасня 2020 года Івулін разам з іншымі людзьмі "рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску, блакуючы і заступаючы дарогу аўтамабілям". Акрамя таго, ён публікаваў на ютуб-канале "відэазапісы пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку дзейнай улады". Такім чынам, лічыць бок абвінавачвання, Івулін арганізаваў групу грамадзян, якія ўдзельнічалі ў пратэстах са жніўня 2020 па сакавік 2021 года.

Аляксандра Івуліна, журналіста і гульца футбольнага клуба "Крумкачы", затрымалі ў чэрвені 2021 года. Першапачаткова падставай для затрымання быў адміністрацыйны пратакол, аднак затым яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Суд па гэтай справе пачаўся ў панядзелак. Падтрымаць Івуліна акрамя сваякоў і сяброў прыйшлі вядомыя беларускія спартоўкі — лёгкаатлетка Надзея Астапчук і фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская.

Праваабаронцы прызналі Аляксандра Івуліна палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.