Вы тут

Аляксандр Гарцуеў: Ненавіджу, калі дзяцей прыводзяць на спектакль цэлымі класамі

Аляксандр Гарцуеў / "Наша Ніва"

Мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў выказаўся супраць практыкі, калі дзяцей водзяць на спектаклі цэлымі класамі. 

"Ненавіджу. Яшчэ з той пары, калі быў акцёрам тэатра Янкі Купалы, калі наганялі поўныя залы шалёных дзяцей. У іх уключаецца такая стадная гісторыя. Яны ніколі не глядзяць — кідаюцца капейкамі, каментуюць. Няправільна. Дзеці павінны хадзіць у тэатр з бацькамі", — распавёў Гарцуеў у вялікім інтэрв'ю газеце "Наша Ніва".

Рэжысёр дадаў, што змагацца з гэтай практыкай цяжка. "Ёсць такое паняцце, як фінансавы план, яго трэба выконваць. Тут я проста апускаю рукі, — кажа ён. — Я сам ніколі не займаўся дзіцячымі казкамі і не буду гэтым займацца. Гэта супраць мяне. Мяне раздражняе гэты род тэатральнай дзейнасці, ён непраўдзівы. Вельмі рэдка я за сваё жыццё бачыў сапраўдныя тэатральныя казкі, якія захоплівалі дзяцей. Астатняе — гэта, як кажуць, пакос. Прадалі класам, хуценька завялі.

Толькі не трэба казаць, што гэтак прывучаюць да тэатра. Бацькі павінны вадзіць — і я такія прыклады ведаю, і гэта сапраўды працуе. З такіх дзяцей вырастаюць духоўна развітыя людзі, калі бацькі ім дапамагаюць, калі навучаюць услухвацца, узірацца, а не кідацца чыпсамі і бутэлькамі на сцэну.

Я проста ўспамінаю сваю маладосць у Купалаўскім тэатры — вось там усё было. Настаўніца, якая бегае па шэрагах і дае па карку. Мне яе шкада было. Яна прывяла сто чалавек — і ўсе крычаць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.