Аліна Коўшык: каб стаць вольнай, Беларусі трэба нацыянальнае адраджэнне

Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Аліна Коўшык у цэнтры з плакатам “Беларусь будзе вольнай” / Еўрарадыё

Беларусі патрэбныя дэкамунізацыя, беларуская мова і новая гістарычная палітыка, лічыць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык.

Як гэта зрабіць і чаму цяпер нарэшце атрымаецца вырашыць пытанне з беларускім нацыянальным адраджэннем, яна расказала ў эфіры Еўрарадыё. Сабралі для вас самае цікавае адтуль.

На нацыянальнае адраджэнне ёсць запыт у грамадстве, лічыць суразмоўніца.

Фармулёўка “нацыянальнае адраджэнне” [ў пасадзе Коўшык. — Еўрарадыё] вельмі патрэбная. Мы бачым, як беларусы пасля 2020 года масава звярнуліся да беларускай мовы, да нацыянальных сімвалаў, да гісторыі. Мы ведаем, што ёсць прага ведаць больш пра нас, пра тое, якімі мы былі, якімі мы ёсць цяпер, таму нам патрэбна гэта пасада “па нацыянальным адраджэнні”. Яна ўключае ў сябе і развіццё культуры, гістарычнай памяці і мовы, і пэўныя адукацыйныя справы, і таксама барацьбу з дэзынфармацыяй. Ёсць над чым працаваць. І той фідбэк, які я атрымала з Беларусі, дзе людзі вельмі ўсцешаныя, сведчыць пра тое, што гэта патрэбна.  

Але ці будзе беларусам лягчэй жыць, калі яны будуць, напрыклад, размаўляць па-беларуску, цікавяцца слухачы Еўрарадыё.

Я разумею, што паводле ўсіх базавых прынцыпаў спачатку людзей трэба накарміць, задаволіць іх базавыя патрэбы і ўжо потым гаварыць пра нешта больш глабальнае, высокае, культурнае. Але мне падаецца, што асабліва цяпер, ва ўмовах вайны, якую развязала Расія, гэтых зверстваў, якія мы бачым, мы разумеем, што пытанне нашай нацыянальнай ідэнтычнасці — гэта таксама пытанне нашай незалежнасці і нашага існавання. Таму я б сказала, што ў дадзены гістарычны момант гэта пытанне надзвычай важнае, — адказвае Коўшык.

Сярод іншага Беларусі трэба будзе прайсці праз дэкамунізацыю.

Я думаю, што чакае стварэнне пэўных інстытутаў дзяржаўных, якія будуць гэтым займацца. Але гэта, канешне, пасля таго, як сітуацыя ў Беларусі зменіцца. Я бачыла, як у Рызе прыбіралі смецце са стэлы ў Парку дружбы народаў [савецкі помнік там знесены. — Еўрарадыё]. І мне падалося, гэта карціна такой сметніцы гісторыі. Я не кажу, што ўсе помнікі савецкія трэба зносіць. Напэўна, трэба абмеркаваць гэта з нашымі гісторыкамі і абраць гістарычную палітыку, якой мы будзем прытрымлівацца. Але я перадусім за тое, каб у Беларусі з’явіліся сапраўдныя помнікі нашым беларускім нацыянальным героям.

Кожны горад будзе вырашаць, якія помнікі ставіць. Думаю, помнік Кастусю Каліноўскаму павінен з’явіцца ў новай Беларусі. І гэтыя помнікі павінны стаяць сапраўды на цэнтральных плошчах нашых гарадоў.

Планы могуць гучаць добра, але іх спачатку трэба ажыццявіць. Чаму ж нацыянальнае адраджэнне будзе паспяховым цяпер?

Шмат хто з людзей сталейшага ўзросту, якія выходзілі на пратэсты, казалі пра тое, што ў 90-я мы недаціснулі, таму мы выходзім цяпер, каб нашыя дзеці і ўнукі жылі ў свабоднай краіне.

Мне падаецца, што гэта доўгі гістарычны працэс. І на жаль, у Беларусі ён выглядае так, што мы адраджаліся, адраджаліся і пакуль у нас не атрымалася пабудаваць дэмакратычную нацыянальную дзяржаву, якая сапраўды спрыяла б шчасліваму, годнаму і свабоднаму развіццю людзей, якія ў ёй жывуць.

Але цяпер, калі ідуць такія тэктанічныя змены ў архітэктуры бяспекі еўрапейскага кантынента, думаю, што гэта наш гістарычны шанец, — рэзюмуе Аліна Коўшык. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.