Вы тут

Алесь Дзянісаў: мастэрынг новага альбома гурта Dzieciuki рабіў гукач “Песняроў”

Алесь Дзянісаў, euroradio.fm

2 верасня гродзенскія фолк-панкі Dzieciuki выклалі ў сеціва свой трэці альбом. Частку новых песень гурт прэзентаваў яшчэ 28 красавіка ў мінскім клубе Re:Public на вялікім сольным канцэрце. Аднак у запісе пачуць іх можна толькі цяпер. Пра новы альбом “Радыё “Harodnia” Еўрарадыё пагутарыла ў лідарам калектыву Алесем Дзянісавым.  

— Зараз мы больш разнастайна падышлі да песень. І ў плане аранжыроўкі, і ў плане стылю: і вальс ёсць, і рэгі, — кажа пра кружэлку Алесь Дзянісаў. — Але нейкіх кардынальных змен няма: гралі фолк-панк, а пачалі дэз-метал — не. Вядома, і далей будзем эксперыментаваць, але ў пэўных межах знаходзіцца будзем”.  

Еўрарадыё: Якая агульная канцэпцыя альбома?  

— Канцэпцыя задумвалася, але не ўсё атрымалася. Хацелі, каб песні аб’ядноўваліся лініямі мінулага, сучаснага і будучыні. Не атрымалася, але мы ніколі не былі закладнікамі нейкіх канцэпцый. Альбом “Рэха”, напрыклад, быў больш канцэптуальным — гістарычным. Там атрымалася, тут — не.

Еўрарадыё: Колькі часу працавалі над гэтым альбомам?

— Так атрымалася, што працавалі над ім тры гады. Перад першым і другім альбомам быў перапынак у два гады. Чаму так доўга зараз? Бо рабілі ўсё самі. Толькі бубны пісалі на мінскай студыі, а ўсё астатняе пісалі самі. Яшчэ нам асобна майстэрынг рабіў гукач “Песняроў”. Спадзяюся, яму не ўляціць пасля гэтага, а то яшчэ скажуць, што экстрэмістам дапамагаў.     

Еўрарадыё: Альбом выклалі ў сеціва. Чаму не выпусцілі дыскі?

— Дыскі будуць. Але справа ў тым, што мы не камерцыйны гурт. Мы не ставім за мэту зарабляць сваёй творчасцю. Ды і ў сучасных умовах гурт зарабляе на канцэртах, а дыскі зараз — гэта больш для суперфанатаў ці калекцыянераў. 

Еўрарадыё: Ці чакаць тур у падтрымку альбома? 

— Тур як такі не можам дазволіць, бо ў нас усе працуюць і не ўсе могуць вырвацца. Але пачынаючы з кастрычніка адбудуцца асобныя канцэрты. Будзем у польскай Гайнаўцы, магчыма ў Вільні. Упор будзе зроблены на беларускія гарады. Ёсць папярэднія дамоўленнасці, але пакуль не буду казаць, у якіх гарадах. З таго, што можам сказаць ужо зараз: дакладна пройдзе канцэрт 19 кастрычніка ў Віцебску.