Алег Манаеў: Пагроза сацыяльнага выбуху становіцца ўсё больш рэальнай

Сваё затрыманне заснавальнік Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) Алег Манаеў тлумачыць жаданнем улад сарваць яго выступленне на брыфінгу перад дыпламатамі.

У распаўсюджанай вечарам 6 кастрычніка заяве для прэсы сацыёлаг расказаў, як яго затрымалі.

"Усе гэтыя дзеянні сведчаць пра адно — на самай справе мяне затрымалі для таго, каб сарваць запланаваны брыфінг", – падкрэслівае сацыёлаг.

Разважаючы аб тым, чаму гэта адбылося менавіта цяпер, Манаеў адзначае:

"Несумненна, справа ў тым, што сёлета беларускі аўтарытарызм сутыкнуўся з самым сур'ёзным выклікам за ўсю сваю гісторыю. Пасля майскай дэвальвацыі беларускага рубля ў краіне пачаўся наймацнейшы сацыяльна-эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 60%, паставіўшы сусветны бягучы рэкорд, а даходы насельніцтва паменшыліся больш чым удвая".

 Заснавальнік НІСЭПД звяртае ўвагу, што па выніках апытання грамадскай думкі, праведзенага незалежнымі сацыёлагамі ў верасні, амаль 88% рэспандэнтаў лічаць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, прычым больш за 61% лічаць вінаватым у крызісе самога прэзідэнта (урад — 44%).

"Рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ўсяго за дзевяць месяцаў упаў з 53 да 20%, дасягнуўшы гістарычнага мінімуму за ўсе сямнаццаць гадоў яго кіравання. Пагроза сацыяльнага выбуху становіцца ўсё больш рэальнай. У "надыходзячых прыцемках" улады пачынаюць "баяцца ўласнага ценю", — канстатуе Манаеў.

 "У чэрвені 2010 года яны спрабавалі звольніць мяне з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім я прапрацаваў больш за 40 гадоў, заблакаваць інфармацыю і аналітыку, якую я і мае калегі адрасуем беларускаму грамадству. Сёння яны спрабуюць заблакаваць нашу дзейнасць па інфармаванні замежных урадаў і міжнароднай грамадскасці аб тым, як на самай справе жывуць беларусы, пра што думаюць, чым незадаволеныя, чаго хочуць. Спрабуюць "аднавіць спынены дыялог", атрымаць крэдыты і інвестыцыі, па сутнасці нічога ў краіне не змяніўшы", — упэўнены заснавальнік НІСЭПД.

 "Заяўляю, што як і раней, буду выконваць свой прафесійны і грамадзянскі абавязак, і сённяшні інцыдэнт на гэта не паўплывае", — падкрэслівае ў заяве Алег Манаеў.

НІСЭПД — найстарэйшы ў Беларусі недзяржаўны даследчы цэнтр, створаны ў лютым 1992 года групай вучоных, журналістаў, палітыкаў і бізнесменаў. Цяпер зарэгістраваны як грамадская ўстанова ў Літоўскай Рэспубліцы, інфармуе БелаПАН.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі