Аквапарк: чарга на экстрэмальную горку вырасла ў 2 разы

Спачатку маладая дзяўчына, а пасля хлопец перавярнуліся, выпалі з цюбінгаў і атрымалі пераломы. Пасля гэтых выпадкаў на форумах пачалі з'яўляцца паведамленні іншых людзей, якія таксама перавярнуліся, але пазбеглі сур'ёзных траўм. Праверка ніякіх парушэнняў у канструкцыі горкі не знайшла. Але самі лодкі вырашылі замяніць, распавядаюць у прэс-службе аквапарка.

"Мы замяняем цюбінгі па рэкамендацыі. Горкі абслугоўваюць прадстаўнікі нямецкай фірмы. Мы без іх узгаднення не можам набыць цюбінгі, якія нам падабаюцца. Нам рэкамендавалі закупіць цюбінгі ў Японіі. Гэта наша ініцыятыва. Па праверках у нас усё ў парадку з горкамі. Мы хочам, каб такіх выпадкаў больш не было. Горка экстрэмальная. І пасля паведамленняў у СМІ пра здарэнні чарга на яе вырасла ў два разы".

Унутры горак камер няма, таму сказаць, што адбывалася, у аквапарку не могуць.

"Мы вылічвалі, колькі хлопцы там знаходзіліся. Служба бяспекі займаецца гэтым пытаннем, і мы вядзём унутранае расследаванне. Калі ехаць як трэба, то перавярнуцца вы не павінны. З гэтых горак ездзілі і правяраючыя, і прадстаўнікі нямецкай фірмы".

Дзяўчына, якая зламала ключыцу, распавядае, што адразу пасля падзення з цюбінга за імі пусцілі іншых людзей, але супрацоўнік, які стаіць на выхадзе з горкі, не паведаміў наверх, што падушка выйшла пустая. Тое, што гэта парушэнне, у аквапарку не адмаўляюць, але называюць збегам абставінаў.

"У нас датчыкі горкі запраграмаваныя на рух. Цяпер мы працуем над тым, каб яны спрацоўвалі на вагу. Выехаў цюбінг, датчык зрэагаваў, але нешта адцягнула ўвагу інструктара ў гэты час. Пытанне было пастаўленае аб звальненні. Але калі мы праглядалі відэа, выявілася, што чалавек сапраўды невінаваты. Ён адвярнуўся на долі секунды. Калі ён павярнуўся, то пачаў перадаваць па рацыі. Але зялёнае святло ўжо запалілася, і людзі паехалі".

Пацярпелыя ў аквапарку распавядалі, што ў медпункце няма амаль ніякіх медыкаментаў. І ўся дапамога звялася да прыкладання лёду.

"Мы не бальніца, таму не маем права аказваць лячэнне. Мы абавязаныя выклікаць хуткую. У выходныя і падчас начных мерапрыемстваў у нас дзяжурыць МНС і хуткая".

Чалавек, які набыў квіток, аўтаматычна застрахаваны. У выпадку нейкага здарэння трэба пісьмова звярнуцца ў аквапарк. Атрымаць кампенсацыю можна будзе, калі выпадак прызнаюць страхавым.

Фота: relax.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі