Вы тут

Akute прэзентавалі новы эксперыментальны сінгл “Усе песні спетыя”

У Мінску сінгл прэзентуюць 8 сакавіка ў клубе "Бруге"

Магілёўскі гурт Akute прэзентаваў свой новы сінгл. Электронная кампазіцыя “Усе песні спетыя” упершыню ў гісторыі калектыву была запісаная без аніводнага жывога інструмента.

“Мы даўно слухаем у тым ліку і такую, электронную музыку. Проста цяпер з’явіліся невялікія навыкі для яе напісання. Мы даўно гэтага хацелі, — расказвае вакаліст гурта Стас Мытнік. — Нядаўна мне падаравалі сінтэзатар, і я крыху ўцягнуўся ў напісанне такой музыкі. Так і з’явіўся новы сінгл, запісаны літаральна за некалькі хвілін”.

Па словах музыкаў, у новым альбоме, што плануецца выпусціць сёлета, будуць спалучацца і звыклыя для Akute, і чыста электронныя кампазіцыі.

“На альбоме электроніка у тым або іншым выглядзе будзе прысутнічаць ва ўсіх трэках. Спачатку мы наогул думалі зрабіць увесь альбом сінтэтычным, але вырашылі пакінуць і жывыя інструменты. Таму, натуральна, будуць і гітары, і барабаны, але таксама і чыста электронныя кампазіцыі. Ансоўная частка альбома ўжо запісаная, але наперадзе яшчэ працэс звядзення. Будзем старацца, каб увосень ён быў гатовы”.

Вясной Akute адпраўляецца ў тур па Беларусі, які стартуе 8 сакавіка ў Мінску і завершыцца 25 сакавіка ў Магілёве. Таксама канцэрты адбудуцца ў Віцебску, Брэсце і Гомелі, пасля чаго гурт наведае Маскву і Санкт-Пецярбург.