Аховай жывёльнага і расліннага свету ў Беларусі зоймецца былы контрразведчык

Аховай жывёльнага і расліннага свету ў Беларусі зоймецца былы контрразведчык

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Аляксандра Назаранку выконваючым абавязкі начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце, інфармуе БЕЛТА. Як вядома, напярэдадні стала вядома, што кіраўнік дзяржавы вызваліў ад пасадаў начальніка інспекцыі Сяргея Новікава і яго намесніка Аляксандра Дуньковіча. Высветлілася, што яны не прымалі меры па спыненні правапарушэнняў і фактаў карупцыі ў падведамственных арганізацыях. Пасля КДБ падрабязна распавёў пра крымінальныя справы, па якіх праходзяць 14 службовых асоб і 22 браканьеры. Было заяўлена пра функцыянаванне ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету сістэмы атрымлівання ўзнагароджванняў ад браканьераў.

Можна меркаваць, што ва ўказе кіраўніка дзяржавы гаворка ідзе пра былога контрразведчыка Аляксандра Назаранку, генерал-маёра запасу. Ён нарадзіўся ў Гомельскай вобласці, яму 55 гадоў. Назаранка паспеў паслужыць ва ўпраўленні ваеннай контрразведкі КДБ Беларусі, Службе бяспекі прэзідэнта, быў начальнікам упраўлення ўласнай бяспекі МУС, начальнікам Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, намеснікам начальніка Акадэміі МУС. У 2009-м Назаранка вярнуўся ва ўпраўленне ваеннай контрразведкі КДБ, спачатку быў намеснікам, а з 2012 года начальнікам.

Летам мінулага года генерал-маёр Назаранка быў вызвалены ад пасады начальніка ўпраўлення ваеннай кантразведкі КДБ і звольнены ў запас па ўзросце (на сайце дзяржбяспекі не абнавілі інфармацыю). Праз некалькі месяцаў стала вядома, што ён працаўладкаваўся ў Савеце бяспекі, быў прызначаны начальнікам каардынацыйна-інспектарскага ўпраўлення дзяржсакратарыяту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі