АГП і ПБНФ падалі ў суд на выканкамы. Ну, яны хаця б паспрабавалі…

АГП і ПБНФ падалі ў суд на выканкамы. Ну, яны хаця б паспрабавалі…

Ніводнага з 14 прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі не ўключылі ў склад участковых выбарчых камісій на акрузе, дзе вылучаецца кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета прадстаўнік АГП Мікалай Казлоў. Рашэнне чыноўнікаў з адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска абурыла дэмакратаў, і яны накіравалі скаргу ў суд.

Разгляд грамадзянскай справы па скарзе Мінскай гарадской арганізацыі АГП праходзіць 9 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Праз суд Мікалай Казлоў спрабуе дамагчыся ад прадстаўнікоў адміністрацыі Цэнтральнага раёна адказу на галоўнае пытанне: якім чынам у склад камісіі трапляюць прадстаўнікі нікому не вядомых партый кшталту Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі ці Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, а прадстаўнікі АГП ― не? І патрабуе ўключэння сваіх аднапартыйцаў у склад выбарчых камісій.

Судовае пасяджэнне, якое пачынаецца ў 14.30, нечакана зацягваецца. Прадстаўнікі адміністрацыі даказваюць законнасць адмовы вылучэнцам ад АГП. Маўляў, абмяркоўваліся ўсе кандыдатуры, і апазіцыйныя прадстаўнікі не прайшлі па конкурсе ― не адпавядаюць высокамаральным патрабаванням сябра ўчастковай выбарчай камісіі. Толькі а 18-й гадзіне вечара суд выносіць рашэнне і чакана адмаўляе АГП ў іх скарзе. Маўляў, у камісіях ёсць прадстаўнікі розных партый, а што ад АГП ніхто не трапіў ― бывае…

Мікалай Казлоў ставіцца да рашэння суда спакойна.

“Скажу, як супрацоўнік крымінальнага вышуку з вялікім стажам. Перш, чым злачынца трапляе на лаву падсудных, гэтаму папярэднічае вялікая праца: усё дакументуецца, даследуецца, збіраецца да кучы, і потым чалавек адказвае адразу за ўсё. Спадзяюся, што і гэты наш зварот у суд — акурат той выпадак, калі і мы сваю кроплю ўнеслі ў гэтую справу”.

Між тым, са слоў старшыні АГП Анатоля Лябедзькі вядома ― партыя вылучыла 83 чалавекі на ўключэнне ў склад выбарчых камісій па ўсёй краіне, але ўхваленая была толькі адна кандыдатура ― Віктара Сучэнінава ў Мёрах. Чакаць судоў і ў іншых рэгіёнах краіны?

Лябедзька: “Гэтым разам мы ўзялі Мінск, Гомель, Оршу, Віцебск, Магілёў, Бабруйск і мы закрылі акругі, на якіх быў наш кандыдат, цалкам ― колькі там было ўчастковых камісій, столькі мы і закрылі сваімі людзьмі. А ў такім выпадку нават з пункту гледжання выпадковасці, хоць нехта павінен у камісію трапіць. У нас не патрапіў ніводны, апроч Пад’ельцаўскай акругі №9 у Мёрах. Па рашэнні нашага выбарчага штаба, калі не ўключылі паўсюль, мы ўзялі акругу Казлова і робім такі прэцэдэнт: паказваем, што ў нас і праз судовы механізм нельга знайсці ні справядлівасці, ні закона”.

Як вынік ― АГП вінаваціць улады ў падрыхтоўцы фальсіфікацый на сёлетніх мясцовых выбарах.

Шляхам АГП пайшла і ПБНФ ― накіравалі некалькі скаргаў у суд з нагоды неўключэння іх вылучэнцаў у склад выбарчых камісій. Адна такая скарга чакае свайго разгляду ў судзе Бярозаўскага раёна. Другая, на рашэнне Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, разгледжаная ў судзе Слуцкага раёна 8 студзеня. Суд адмовіў прадстаўніку Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і пакінуў утвораную мясцовымі чыноўнікамі камісію нязменнай.

Але ж па ўсёй краіне ПБНФ вылучала ва ўчастковыя камісіі 65 чалавек, а трапілі ў іх толькі чацвёра.

“У кожным рэгіёне складана дабегчы, але ў ключавых месцах мы скаргі падаём ― у Мінску падаем, у Мінскай вобласці падалі. Робім гэта, хоць і ведаем, які будзе вынік. Але для гісторыі занатаваць такія моманты трэба”, ― кажа старшыня ПБНФ Рыгор Кастусёў.

Ніводнага прадстаўніка Руху За свабоду ў выбарчыя камісіі не ўключылі. І яны хацелі б гэта абскардзіць, кажа старшыня Руху Юрась Губарэвіч, але магчымасці для гэтага не маюць.

“Мы вылучалі людзей у камісіі шляхам збору подпісаў. І, каб падаць скаргу ў суд, неабходна згода большасці грамадзян, якія падпісаліся за вылучэнне чалавека ў камісію. А гэта маларэальна. Бо нашы грамадзяне яшчэ могуць падпісацца ў падтрымку кандыдата, але змагацца з дзяржавай у судах сёння адкрыта далёка не ўсе гатовыя”, ― кажа Губарэвіч.

Толькі тры чалавекі з амаль пяці дзясяткаў вылучэнцаў ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі трапілі ва ўчастковыя камісіі. Але судзіцца з-за гэтага партыя не будзе, кажа кіраўнік выбарчага штаба партыі Алег Гайдукевіч.

“Мы не будзем судзіцца. Бо рашэнне мясцовых уладаў правамернае. Гэта яны вырашаюць самі для сябе ― з кім ім працаваць, а з кім не. Можа, з нейкага боку гэта рашэнне і неправамернае, але траціць сілы і падаваць у суд я не бачу сэнсу. Для нас галоўнае вынік выбараў: праходжанне ў саветы нашых прадстаўнікоў. Трэба займацца агітацыяй, а не ў судах час траціць”.

Ну, а каб застрахавацца ад фальсіфікацый падчас падліку галасоў, ЛДП прапануе накіроўваць у камісіі назіральнікаў падчас галасавання.

Не бачыць сэнсу ў судах і старшыня партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.

Сяргей Калякін: “Гэта не мае ніякай перспектывы судовай. Бо не існуе правіл: як павінны ўключаць у склад камісій, а як ― не павінны. І таму людзі проста не марнуюць час і не звяртаюцца ў суды”.

Не хоча судзіцца з мясцовымі ўладамі і “Гавары праўду”. Хоць і ў іх толькі аднаго чалавека з некалькіх дзясяткаў уключылі ў камісію. Па словах Таццяны Караткевіч, у іх іншы шлях: не судзіцца, а “паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва”. 

 

Фота Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі