Агенцтва нерухомасці: Цэны на арэнду кватэр у Мінску ўпалі ў 1,5 раза

“Цэны ўпалі ў 1,5 раза”, — адказваюць Еўрарадыё ў агенцтвах нерухомасці на пытанне пра арэнду кватэр у Мінску.

Самы танны варыянт аднапакаёўкі знаходзім на праспекце Пушкіна за 200 долараў у месяц.

“Там усё старое, мэбля старая. Інтэрнэту няма. На выхадных мусіць вызваліцца”, — апісваюць самы танны варыянт здымнага жылля ў агенцтве “Квартал сіці плюс”.

Прапануюць варыянты на 50-80 долараў даражэй, але ўсё са старой мэбляй і без інтэрнэту. Сучаснае каштуе больш. Да таго ж агенцтву трэба заплаціць за паслугі.

Самае таннае, што знаходзім без агенцтва, — аднапакаёўка з “бабулінай мэбляй” і без інтэрнэту за 300 долараў у месяц. У кватэры ёсць шафа, секцыя, тэлевізар, канапа, лядоўня і электрычная плітка.

За кватэру з інтэрнэтам, сучаснай тэхнікай і лічбавым тэлебачаннем на Грушаўцы просяць удвая болей — 600 долараў.

“Гэта на Шчорса, аднапакаёўка з усёй мэбляй і тэхнікай: лядоўня, тэлевізар, пральная машына”, — расказваюць гаспадары.

За віп-аднушку агенцтвы просяць 900 долараў. У кватэры — відэадамафон, новая тэхніка, шкляная лоджыя і кансьерж на ўваходзе. Гэта самы дарагі варыянт, які Еўрарадыё знаходзіць па абвестках у інтэрнэце.

За год кватэры значна патаннелі, адразу гаворыць намеснік дырэктара па арэндзе жылля агенцтва “Твая сталіца” Наталля Радзеня:

“Дынаміка зніжэння ідзе з красавіка. На сёння сярэдняя цана аднапакаёвай кватэры — 300 долараў на месяц. Бываюць і за 250. Двухпакаёвая кватэра — ад 380 долараў. Гэта прымальныя і лаяльныя цэны. Летась у верасні мы зафіксавалі максімум — аднапакаёўка за 450 долараў. Гэта было звязана з павышаным попытам, было даступнае крэдытаванне. Уласнікі штучна ўздымалі цэны, бо бачылі, што людзі ідуць”, — тлумачыць Наталля Радзеня.

Яна прагназуе, што цэны пачнуць расці, бо прыедуць студэнты. Чакаецца, што кватэры падаражэюць на 20%.

“Гэта лагічна, бо павышаецца попыт. Звычайна цэны растуць у межах нормы. А бліжэй да зімы яны зноў пачнуць зніжацца”, - гаворыць Наталля.

Па яе словах, чэмпіянат свету па хакеі на цэны доўгатэрміновай арэнды не паўплываў. Нават пасутачна кватэры здымалі не даражэй, чым за 130 долараў на суткі. Але былі і тыя, хто прасіў 800 долараў за ноч.

Фота: reb.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі