Афрыканскае сафары – адзін дзень у саванне сярод дзікіх жывёл (фота)

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

6.30 раніцы. У лобі дарагога гатэля амаль у цэнтры Найробі з нумароў спускаюцца два заспаныя беларусы з заплечнікамі. Гэта мы. Стаім пазяхаючы на ганку, чакаем замоўленага праз інтэрнэт кіроўцу — ён адвязе нас у нацыянальны парк Накуру паглядзець дзікіх афрыканскіх звяроў у натуральных умовах. Па-мясцоваму — на сафары.

"Сафары", дарэчы, слова афрыканскае, на мове суахілі, якой карыстаецца большасць мясцовых. Перакладаецца як вандроўка ці падарожжа. Але гэтае слова стала вядомым на ўвесь свет, таксама як Акуна Матата (Hakuna Matata — без клопатаў).

Праз хвіліну ў браму прыгатэльнай тэрыторыі ўвальваецца джып. Нават не джып — танк. Старая Toyota Land Cruiser. І не які-небудзь Prado, а нармальны суровы Land Cruiser HZJ75, на такіх джыпах ездзяць хіба толькі ў Афрыцы. Пясчанага колеру са здымным дахам, вялізнымі коламі, тоўстай антэнай на капоце. Усё як мае быць.

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

Акуна матата!” — смяецца з сонных беларусаў кіроўца. І вязе нас за 150 кіламетраў ад сталіцы бліжэй да экватара.

Віталь Ругайн: “Па дарозе праязджаем Вялікую рыфтавую даліну — разлом у зямной кары, які цягнецца на 6 тысяч кіламетраў праз амаль палову Афрыкі. Дарэчы, Чырвонае мора – гэта частка рыфтавай даліны, якая запоўнілася вадой. Гляджу і адразу ўзгадваю ўрокі геаграфіі і не магу паверыць, што бачу гэта насамрэч. Тут сутыкаюцца дзве тэктанічныя пліты – Афрыканская і Аравійская”.

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

Мы едзем да возера Накуру. Калі вы некалі бачылі фота ружовых фламінга — гэта адтуль. Накуру — унікальны ў нейкім сэнсе вадаём. Салёнае высакагорнае возера з мёртвымі берагамі, пакрытымі ссохлымі ад солі дрэвамі. Мала прыгожага. Але менавіта сюды некалькі разоў на год прылятаюць сотні тысяч ружовых фламінга. У сезон яны харчуюцца мікраарганізмамі з возера. Акрамя гэтага, вакол вадаёма — адносна невялікі для Кеніі нацыянальны парк з усімі відамі жывёл. Разынка — чорны насарог.

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

“З усяго свету турысты прыязджаюць, не толькі з Еўропы. Прыязджаюць з Амерыкі, адусюль. Але цяпер не сезон — сезон у нас пачнецца недзе ў чэрвені (мы прыехалі ў Кенію ў канцы траўня). Таму цяпер адносна спакойна”, — расказвае наш праваднік.

Кіроўца, джып, тры гадзіны ў нацыянальным парку, абед у рэстаране сярод звяроў з нейкай мясцовай стравай і вяртанне дадому каштуюць 400 долараў з дваіх. Для багацейшых яшчэ магчымы начлег тут жа ў парку. Пры жаданні пяцізоркавы намёт могуць паставіць нават сярод саваны (на суахілі — "мара").

Алесь Пілецкі: “Калі кіроўца падымае дах джыпа ўверх, я значна весялею: сафары будзе цікавейшым. Аказваецца сафары цікавейшае, чым звычайная паездка па лесе”.

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

Джып нясецца па грунтовай дарозе, вакол узгоркі, кусты і характэрныя афрыканскія дрэвы з Дыснэеўскіх мульцікаў. Каля дарогі прабягаюць антылопы, зебры, казулі. Здалёк бачым насарогаў. Кіроўца спыняецца, каб можна было лепш іх разглядзець і сфатаграфаваць, потым едзе далей, прыслухоўваючыся да вялізнай пыльнай радыёстанцыі — там яго калегі-канкурэнты перагаворваюцца паміж сабой, паведамляючы, дзе толькі што бачылі жырафа, а дзе — нават ільва.

“Пумба, пумба”, — крычыць кіроўца. “Пумба!!!” — аказвацца таксама афрыканскае слова, але добра нам вядомае. Ну так, мы някепска ведаем суахілі, аказваецца. Барадавачнік (так па-нашаму завецца гэты звер, усім вядомы па мульціках) на крыкі не звяртае ўвагі — спакойна корміцца травой на ўзбочыне.

Африканское сафари — один день в саванне среди диких животных (фото)

Звяры зусім не палохаюцца джыпа. Навукоўцы сцвярджаюць, што яны проста не адрозніваюць машыны ад навакольнага асяроддзя. Яны для іх — як камяні ці дрэвы. Цуды пачнуцца толькі калі пасажыры надумаюць выйсці з джыпа. Таму гэта катэгарычна забаронена.

І нас з машыны выпускаюць толькі двойчы за тры гадзіны — на агляднай пляцоўцы высока над возерам і ля жывапіснага вадаспаду з карычневай вадой. Вада такая з-за глебы, якая тут таксама карычневага колеру. Але гэта мала перашкаджае радавацца афрыканскай прыродзе. Асабліва калі джып спыняецца за 3-4 метры ад здаравеннага быка. А яшчэ больш — калі гэтых быкоў цэлы статак. Па іх позірках і не скажаш, што яны нас не бачаць.

Напрыканцы сафары нас чакае абед у кавярні прама пасярод парка. Тут жа пачынаецца дождж. На экватары ў гэтую пару дажджы, як па раскладзе, пачынаюцца ў абед і заканчваюцца да вечара.

У сталіцу вяртаемся амаль адначасова з цемрай. На экватары цямнее рана — каля 19-ай па беларускім часе. Кіроўцы сафары-джыпаў уначы не ездзяць — небяспечна. На дарогах у глыбіні саваны могуць быць банды. Лепш не рызыкаваць. Асабліва з белымі ў машыне.

Алесь"Ці вартае сафары двух сотняў баксаў? Цяжка сказаць. Мне аддадзеных грошай не шкада, але другі раз, напэўна, ужо не паеду. Такі папсовы адпачынак з фатаграфаваннем звяроў — дзікая версія заапарка з нібы рамантыкай. Але дам параду — не бярыце фотаапарат без зума — моцна пашкадуеце. А яшчэ — не купляйце нічога ў сувенірных крамах ля парка. У сталіцы тыя самыя штукі будуць нашмат таннейшыя".

Віталь: "Я згодны толькі з тым, што нічога не трэба набываць у мясцовых лаўках альбо жорстка і прынцыпова гандлявацца. А вось сафары другі раз бы наведаў. У той жа Кеніі яшчэ шмат месцаў, якія вельмі хочацца пабачыць — парк Масаі Мара, напрыклад, ці возера Вікторыя. Ды і адчуванне, калі нясешся па саване у Лэнд-Круізеры без даха, цяжка перадаць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі