Вы тут

Афіцэрам, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў, пералічваюць пенсіі, яны ідуць у суд

Сяргей Аніська, якога Лукашэнка сваім указам пазбавіў звання падпалкоўніка​ / kp.by

Падпалкоўнікі КДБ у адстаўцы Валерый Костка і Сяргей Аніська спрабуюць праз суд аспрэчыць указ Аляксандра Лукашэнкі аб пазбаўленні іх званняў.

Указ быў апублікаваны ў маі, а ў верасні ваенным пенсіянерам паведамілі, што ў іх скарачаецца пенсія.

"Сказалі, што прыблізна на 150 рублёў пенсія паменшыцца — цалкам прыбяруць надбаўку, якая тычылася звання", распавёў у інтэрвью" Народнай волі " Валерый Костка. Ён выйшаў у адстаўку ў 1993 годзе, падтрымаў нацыянальныя сілы. Цяпер жыве ў Смалявічах і займаецца пчалярствам.

Костка таксама сказалі, што ён павінен вярнуць частку грошай — тую самую надбаўку за некалькі месяцаў, якую яму налічвалі ўжо пасля прыняцця ўказа. Сумарна ён вінен дзяржаве каля 500 рублёў.

Такая ж размова з супрацоўніцай пенсійнага аддзела КДБ адбылася ў верасні і ў Сяргея Аніські. Жанчына паспрабавала супакоіць пенсіянера: "Вы не хвалюйцеся, ваша пенсія будзе складаць 1091 рубель з 1 кастрычніка". Але Аніська так і не зразумеў, чаму ён павінен губляць грошы. Вялікая надбаўка — гэта ў тым ліку "афганскія" грошы.

"Я ад спадара Лукашэнкі не атрымаў ніводнага звання. Усе званні да маёра атрымаў у Савецкім Саюзе, падпалкоўніка мне прысвоіў былы старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч. Пенсіянерам я стаў тады, калі Лукашэнка толькі прыйшоў да ўлады. Але ўсіх маіх сведчаннях аб медалях няма подпісу Лукашэнкі. Тады пытанне: якое ён мае права пазбаўляць мяне звання", — кажа Сяргей Аніська.

Ён мае намер ісці ў суд. Кажа, што гэта пытанне не грошай, а прынцыпу. Костка ўжо двойчы быў у судзе. Як толькі выйшаў указ, напісаў скаргу ў раённы, але там яму адмовілі з фармулёўкай "у скарзе ўтрымліваюцца некарэктныя фразы і выразы".

Валерый Костка / rh.by

"Але я не разумею, што там некарэктнага. Я звярнуўся да іх з просьбай прызнаць Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы, а яго ўказ – нікчэмным. Між іншым яны не напісалі, што Лукашэнка-легітымны прэзідэнт", — заўважыў пенсіянер.

Ён звяртаўся і ў гарсуд. Вынік быў той жа. Цяпер Валерый Костка чакае адказ з Вярхоўнага суда.

Валерый Костка летась удзельнічаў у пратэстах у Смалявічах  — атрымаў папярэдждение. Распавядаў, як цэлы дзень працаваў на пчальніку, а потым вечарам бег на акцыю. А раней яшчэ ў канцы 90-х Костка ўваходзіў у склад грамадскай камісіі, якая займалася расследаваннем знікнення экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.