Вы тут

Адвакаты наведалі журналістаў Алега Груздзіловіча і Іну Студзінскую на Акрэсціна

Затрыманыя журналісты Радыё "Свабода" / svaboda.azureedge.net

Да журналістаў Радыё "Свабода" Алега Груздзіловіча і Інэсы Студзінскай 22 ліпеня нарэшце пусцілі адвакатаў. Гэта адбылося на шосты дзень пасля іх затрымання. Сваякі і сябры па-ранейшаму не ведаюць, за што іх затрымалі і ў чым падазраюць. Адвакатаў да справы пакуль не дапусцілі, перадае Радыё "Свабода".

21 ліпеня адвакатка змагла наведаць Алеся Дашчынскага. Усе затрыманыя журналісты знаходзяцца ў ІЧУ на Акрэсціна.

Пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Груздзіловіч адвакатка распавяла так: "Трымаецца ён годна. Спіць на ложку на голым дрэве без матрацаў і бялізны, а пад галаву кладзе бутэльку з вадой". Першы допыт Груздзіловіча павінен адбыцца толькі 26 ліпеня. 

Пасля візіту адваката высветлілася, што Студзінская не абвяшчала галадоўку, як паведамлялася раней. Проста яна адмаўляецца ад турэмнай ежы, бо тая кепская. Журналістка спіць на насціле з дрэва, ёй таксама не выдаюць матрацы і бялізну. Меддапамога ёй аказваецца. 

Журналістаў затрымалі 16 ліпеня пасля ператрусаў. Груздзіловіч, Студзінская і Дашчынскі шмат гадоў працавалі на Радыё "Свабода", аднак у 2020-м МЗС пазбавіў іх акрэдытацыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.