Вы тут

Адвакат: беларускія дыпламаты не мелі дачынення да вызвалення Насці Рыбкі

Дзмітрый Зацарынскі, адвакат Насці Рыбкі / Кадр з відэатрансляцыі

Беларускія дыпламаты не мелі дачынення да вызвалення Насці Рыбкі (Анастасіі Вашукевіч). Пра гэта заявіў яе адвакат Дзмітрый Зацарынскі на прэс-канферэнцыі 23 студзеня ў Маскве. 

Журналісты запыталіся ў яго, ці звязваліся з Вашукевіч беларускія дыпламаты і ці ведае адвакат пра даручэнне Лукашэнкі дапамагчы яго падабароннай. 

"Цікавая гісторыя. Я са здзіўленнем прачытаў у прэсе, што, аказваецца, гэта прадстаўнікі беларускай дыпламатыі вызвалілі Насцю Рыбку. Я вось падумаў: а чаго ж гэта я вочную стаўку праводзіў 9 гадзін і іх там не бачыў? Іх там не бачыў ні я, ні Анастасія Рыбка", — адказаў адвакат.

Па яго словах, яго падабаронная таксама не бачыла беларускіх дыпламатаў і яны не звярталіся да яе.

Раней прэс-сакратар беларускага кіраўніка Наталля Эйсмант заявіла, што Аляксандр Лукашэнка даручыў заступіцца за беларускую грамадзянку. Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей паведаміў СМІ, што Насця Рыбка была вызваленая з-пад варты па даручэнні Лукашэнкі. 

Нагадаем, што Насцю Рыбку і яшчэ некалькіх чалавек падазраюць ва ўцягванні ў занятак прастытуцыяй. У Маскве яны былі ўзятыя пад варту, але 22 студзеня адпушчаныя пад абавязальніцтва аб яўцы. 

Таксама Зацарынскі заявіў, што яго падабаронная не паедзе ў Беларусь і на гэтым тыдні з'явіцца ў следчага. Адвакат дадаў, што ўжо выпрацаваная стратэгія абароны Вашукевіч, якая дазволіць даказаць ёй сваю невінаватасць. 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" 23.01: