Латвія працягне выдаваць візы і аказваць іншую дапамогу грамадзянам Беларусі, якія ратуюцца ад рэпрэсій. Тэлефонныя перамовы пра гэта Святлана Ціханоўская правяла з латвійскім прэм'ер-міністрам Артурсам Крыш'янісам Карыньшам.
Прэм'ер запэўніў, што Латвія "адрознівае беларускі народ і рэжым у Беларусі, і разумее, што беларусы змагаюцца супраць рэжыму, які стаў яшчэ і са-агрэсарам у вайне супраць Украіны". З Ціханоўскай ён абмеркаваў лібералізацыю прыёму рэпрэсаваных беларусаў на працу ў Латвіі, варыянты падтрымкі рэлакаваных беларускіх НДА, прыватных кампаній, грамадскіх ініцыятываў і СМІ.
Святлана Ціханоўская заклікала працягнуць праграму для рэлакацыі сумленных беларускіх бізнесаў, якія не падтрымлівалі рэжым. Таксама яна папрасіла прэм'ера разгледзець магчымасць спыніць імпарт алкагольнай прадукцыі з Беларусі і закрыць шляхі, якія набліжаныя да рэжыму кампаніі выкарыстоўваюць для абыходу санкцый праз Латвію.
