Адкуль у Беларусі 12 тысяч рабоў?

Аўстралійскія праваабаронцы Walk Free Foundation налічваюць у Беларусі 11-12 тысяч рабоў, калі публікуюць рэйтынг сусветнага рабства Global Slavery Index 2013. Але ў межах рэйтынгу гэта не шмат, Беларусь на 117 месцы сярод 162 краін.

Даследчыкі нетрадыцыйна паставіліся да паняцця рабства, дадаўшы туды залежнасць ад крэдытораў і прымусовы шлюб. Хто ж у нас рабы, пытаемся ў праваабаронцаў.

“Суботнікі, выган студэнтаў на сельскагаспадарчыя працы, ЛТП, элементы прымусовай працы ў войску – але гэта ўсё прымусовыя працы, а не рабства. Пра рабства нічога не магу сказаць”, — гаворыць Еўрарадыё праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Але прыкладаў стоадсоткавага рабства не прыгадвае.

Рабства ў чыстым выглядзе няма, адразу гаворыць прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак:

“Рабоў, як рабоў у нас няма. Але праблема прымусовай працы існуе. На жаль, нашая дзяржава гэтай праблемай не цікавіцца. Гэта праца ваеннаслужачых, напрыклад”, — дадае Алег Гулак.

Ва Упраўленні па наркакантролі й супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС адразу гавораць пра гандаль людзьмі, калі нагадваю пра 11 тысяч рабоў.

“Дзіўна, як яны з Аўстраліі правялі свае даследаванні? У нас лічба такая – 4970 ахвяраў гандлю людзьмі з 2002 года. Асноўнае – сексуальная эксплуатацыя, каля 600 – працоўная эксплуатацыя. Магчыма, што гэтая лічба вышэй, але не настолькі вышэй, як у аўстралійскіх экспертаў, бо такое злачынства латэнтнае”, — даводзяць ва упраўленні.

І дадаюць, што лічба ў 11-12 тысяч рабоў – гэта “пальцам у неба”.

“Вось так яны вырашылі, што менавіта такая лічба. Мы гаворым аб ахвярах гандлю людзьмі. А яны знайшлі рабоў! Яны памыліліся тут…”, — тлумачаць ва ўпраўленні.

Паводле рэйтынгу Global Slavery Index 2013 цяпер у свеце 29,8 мільёна “сучасных” рабоў (гэта разам з залежнымі ад крэдытораў). Расія ў рэйтынгу займае 49 месца і мае аж 540 тысяч рабоў! З ёй у рэйтынгу па суседстве Азербайджан, Грузія і Узбекістан.

Найбольш рабоў аўстралійцы знайшлі ў Маўрытаніі, Гаіці, Пакістане і Індыі. А найменш – у Ісландыі, Ірландыі і Вялікабрытаніі.

Фота: ipress.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі