Адкрыты, але закрыты: што адбываецца ў Армузскім праліве
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / Euroradio
Іран і ЗША заяўляюць, што Армузскі праліў адкрыты, і гэтыя навіны ўжо прывялі да падзення цэн на нафту, піша BBC. Паводле даных сайта MarineTraffic, караблі ўжо перамяшчаюцца праз Армузскі праліў. Але ўсё не так проста.
Старшыня іранскага парламента заявіў, што Армузскі праліў не зможа заставацца адкрытым, калі ЗША будуць блакаваць іранскія парты. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ваенна-марская блакада іранскіх партоў працягнецца, пакуль не будзе дасягнута канчатковае мірнае пагадненне.
Трамп таксама намякнуў, што можа скасаваць пагадненне аб спыненні агню з Іранам, калі да серады не будзе дасягнута доўгатэрміновае пагадненне.
"Пытанне аб адкрыцці або закрыцці праліву і правілы, якія рэгулююць яго выкарыстанне, будуць вызначацца на месцах, а не ў сацыяльных сетках", — сказаў кіраўнік іранскай дэлегацыі на перамовах у Пакістане, старшыня іранскага парламента Махамад Багер Галібаф.
Калі скончыцца вайна?
У Трампа аптымістычны погляд на перспектывы мірнага пагаднення. Ён заявіў, што "справы на Блізкім Усходзе з Іранам ідуць даволі добра" і анансаваў перамовы ў бліжэйшыя выхадныя. Паводле слоў Трампа, Іран прыняў усе ўмовы ЗША, у тым ліку Тэгеран пагадзіўся на вываз узбагачанага ўрану.
Каментуючы заявы Трампа, у іранскім парламенце сказалі, што амерыканскі прэзідэнт зрабіў сем заяў за адну гадзіну, і ўсе сем з іх былі ілжывымі.