Вы тут

Адключэнне ад SWIFT: застанемся ў той жа рэальнасці, толькі бядней

Адключэнне ад SWIFT можа яшчэ мацней прывязаць Беларусь да Расіі / Еўрарадыё

Нацыянальны банк далікатна пракаментаваў магчымае адключэнне Беларусі ад сістэмы SWIFT. Рэгулятар напісаў пра тое, што без праблем працягне працаваць пры адключэнні, але абышоў бокам праблемы, якія яно нясе.

А праблем не будзе шмат з чым: з выплатамі заробкаў, з безнаяўнымі разлікамі па рознічных плацяжах, з перакладамі паміж фізічнымі асобамі. 

— Яны будуць функцыянаваць у штатным рэжыме нават пры ўзнікненні тых ці іншых праблем ва ўзаемадзеянні беларускіх банкаў з сістэмай SWIFT. Гэта тычыцца і банкаўскіх плацежных картак, выпушчаных да рахункаў, валюта якіх адрозніваецца ад беларускага рубля, — паведамляе Нацбанк.

Прэс-служба рэгулятара падкрэслівае, што SWIFT у Беларусі не выкарыстоўваецца для перадачы фінансавай інфармацыі ўнутры краіны. Але ці значыць гэта, што ў Беларусі пры адключэнні ад аплатнай сістэмы зусім не будзе праблем?

Калапс у моманце

— Калі гаворка ідзе сапраўды аб адключэнні ўсёй банкаўскай сістэмы, то ў моманце гэта пацягне за сабой калапс практычна любых банкаўскіх пераводаў, плацяжоў, адпаведна, знешнеэканамічнай дзейнасці, — лічыць акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Унутры краіны таксама многае спыніцца. Але экспертка згодная з пазіцыяй Нацбанка: ёсць тэхнічныя рашэнні, якія дазволяць хутка замяніць SWIFT.

Больш залежнасці ад Расіі

Нацбанк паведамляе, што за мяжой нават пасля адключэння Беларусі ад SWIFT можна будзе разлічвацца банкаўскімі картамі Visa і Mastercard. Праўда, эмітаваных у беларускіх рублях. 

— Таксама можна [будзе] выкарыстоўваць картку плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ у краінах "прысутнасці" плацежнай сістэмы "Мир", а гэта Расійская Федэрацыя і іншыя краіны-ўдзельніцы ЕАЭС, Абхазія, Узбекістан, Балгарыя, Кіпр, Турцыя, Вялікабрытанія, ААЭ, Тайланд, Паўднёвая Асеція.

Рэгулятар запэўнівае, што праводзіць разлікі паміж рэзідэнтамі Беларусі і Расіі можна і без SWIFT — за кошт інтэграцыі ўнутраных сістэм па абмене фінансавай інфармацыяй, плацежных сістэм з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак БЕЛКАРТ (РБ) і "Мир" (РФ), сістэмы імгненных плацяжоў Нацыянальнага банка і сістэмы хуткіх плацяжоў Банка Расіі. 

— У выпадку неабходнасці разлікаў за тавары (работы, паслугі) юрыдычных асоб з партнёрамі ў іншых краінах існуюць магчымасці працы праз банкі-карэспандэнты. Таксама існуе магчымасць адкрыць карпаратыўную банкаўскую аплатную картку і праводзіць плацяжы з яе выкарыстаннем, — гаворыцца ў паведамленні Нацбанка.

— Што тычыцца знешнеэканамічных плацяжоў, мы нядаўна бачылі, што Нацбанк прасіў усе банкі далучыцца да расійскай сістэмы. І, магчыма, тады можна будзе ажыццяўляць па меншай меры частку з іх. Хай частку, хай менш зручна, праз пасярэдніка, але ўсё-ткі ажыццяўляць плацяжы праз расійскія банкі, — адзначае Кацярына Барнукова.

На думку суразмоўцы, гэта яшчэ больш прывяжа Беларусь да Расіі.

— Хтосьці кажа, што калапс, які ў кароткатэрміновым перыядзе здарыцца ў любым выпадку, адразу прывядзе да перамогі і калапсу рэжыму. Хтосьці лічыць, што выкліча незадаволенасць у насельніцтва і яны зменяць сваё стаўленне да апазіцыі. Ёсць рызыка, што мы застанемся ў той жа палітычнай рэальнасці, проста бядней, — рэзюмуе Кацярына Барнукова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.