Вы тут

Ад 120 да 12 000 рублёў: топ вакансій з самымі маленькімі і вялікімі заробкамі

euroradio.fm

Працадаўцы Беларусі шукаюць больш за 92 тысячы работнікаў. Менавіта столькі прапаноў працы можна знайсці ў банку вакансій ад дзяржаўнай службы занятасці Рэспублікі Беларусь. Некаторыя з іх могуць прыемна здзівіць колькасцю нулёў у прапанаваным заробку, аднак пераважная большасць вымушае жадаць лепшага.

Еўрарадыё склала топ вакансій — як самых высокааплатных, так і тых, разліковыя лісткі якіх могуць выклікаць слёзы. 

 

Самыя “дарагія” вакансіі (спойлер: ніводнага айцішніка) 
 

  • Пілот “Белавія” — 12 000 рублёў

Авіякампанія “Белавія” шукае камандзіра паветранага судна, якому абяцаюць плаціць ад 12 тысяч рублёў! Для вакансіі мары трэба адпаведная адукацыя, валоданне англійскай мовай 4-га ўзроўню і досвед працы не менш за тры гады.

  • Дырэктар — 11 500 рублёў

У беларускае прадстаўніцтва італьянскай кампаніі MAURI, якая вырабляе металічны крапеж, патрабуецца дырэктар. Каб стаць кіраўніком прадпрыемства, трэба мець вышэйшую адукацыю, свабодна валодаць англійскай і італьянскай мовамі. Пра досвед працы ні слова. Заробак — ад 11,5 тысячы рублёў.

  • Спартсмен-інструктар — 10 000 рублёў 

Ажно пяць рабочых месцаў з заробкам ад 10 тысяч рублёў прапануе хакейны клуб “Дынама-Мінск”. “Зубры” шукаюць спартсменаў-інструктараў, ад якіх патрабуецца досвед працы ў КХЛ, НХЛ і АХЛ.

 

Cамыя “танныя” вакансіі (спойлер: ніводнага медыка) 

 

  • Галоўны бібліятэкар — 350 рублёў

Галоўны бібліятэкар патрабуецца ў Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку. Вышэйшая адукацыя, тры гады досведу — усё дзеля 350 рублёў.
  

  • Прыбіральшчык памяшканняў — 330 рублёў

Прыбіральшчык памяшканняў у пінскай школе № 11 атрымае на 20 рублёў менш за галоўнага бібліятэкара з Гродна. Але гэта з-за браку вышэйшай адукацыі ды досведу працы. 

  • Электразваршчык — 120 рублёў 

Можна было б падумаць, што антырэкорд па заробках трэба шукаць у рэгіёнах, але — не. Завод жалезабетонных вырабаў "Мінскметрабуд" шукае ажно сем электразваршчыкаў. Недахоп работнікаў на прадпрыемстве не здзіўляе: плаціць абяцаюць усяго... 120 рублёў. Памер заробку прадпрыемства спрабуе кампенсаваць бясплатным засяленнем у інтэрнат у сталіцы, але такая прапанова “толькі для адзінокіх”.   

У топе нізкааплатных вакансій мы не ўлічвалі прапановы працы на няпоўную стаўку, але іх процьма. 

З 92 883 вакансій заробак па 500 долараў і больш прапануюць толькі 3179 працадаўцаў (гэта толькі 3,42 % вакансій).