Абстрэлы працягваюцца і Шон Пенн ў Львове — 34-я раніца вайны

Ратавальнікі працуюць на пажары ў Луцку, які пачаўся пасля ракетнага абстрэлу 27 сакавіка / ДСНС Украіны
Ратавальнікі працуюць на пажары ў Луцку, які пачаўся пасля ракетнага абстрэлу 27 сакавіка / ДСНС Украіны

Раніцай ракетамі быў абстрэлены аб'ект каля горада Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў у Facebook кіраўнік абласной адміністрацыі Яўген Еўтушэнка. Што гэта за аб'ект, чыноўнік не ўдакладніў. Сказаў толькі, што "без ахвяр".

Ратавальнікі Ровенскай вобласці працягваюць тушыць пажар на прадпрыемстве для захоўвання гаручага. Напярэдадні ўвечары гэты аб'ект быў абстрэляны расійскімі ракетамі, нагадалі ў Дзяржаўнай службе па надзвычайных сітуацыях Украіны. Ахвяр і пацярпелых няма.

Украінскія вайскоўцы адкінулі праціўніка ад Крывога Рога на 40-60 кіламетраў, паведамляе рэсурс "Громадське" са спасылкай на кіраўніка вайсковай адміністрацыі горада Аляксандра Вілкулу. Па яго словах, лінія судакранання цяпер размешчана не на мяжы Днепрапятроўскай, а ў Херсонскай вобласці.

Аб паспяховых контратаках "на асобных кірунках" паведамляе раніцай і ўкраінскі Генштаб. На іншых кірунках Узброеныя сілы "стрымліваюць праціўніка".

Між тым толькі за ўчорашні дзень і толькі ў Луганскай вобласці расійскія абстрэлы пашкодзілі 23 аб'екты. Гэта звесткі прэс-цэнтра аперацыі Аб'яднаных сіл. Сярод іншага пашкоджаны 14 шматкватэрных дамоў.

Обстрелы продолжаются и Шон Пенн во Львове — 34-е утро войны
Украінскія ратавальнікі працуюць на месцы пажару, які ўзнік у выніку абстрэлу / facebook.com/pressjfo.news

Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што 28 сакавіка, верагодна, ліквідавалі камандзіра і начальніка штаба расійскага 503-га мотастралковага палка. Тым часам "Укргазбанк" абвясціў, што гатовы заплаціць 100 тысяч расійскіх рублёў кожнаму вайскоўцу, які здасца ў палон са зброяй і тэхнікай. Аб гэтых фактах таксама распавядае "Громадське".

МАГАТЭ са спасылкай на звесткі ўкраінскага боку супакойвае, што абстрэлы 26 сакавіка не пашкодзілі ядзерны матэрыял на даследчай ядзернай устаноўцы "крыніца нейтронаў" у Харкаве. Там таксама нагадалі, што радыеактыўных рэчываў на аб'екце няшмат.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў начным звароце гаварыў аб недастатковай санкцыйнай палітыцы супраць Масквы.

"Цяпер шмат намёкаў і папярэджанняў аб тым, што нібыта ўзмацненне жорсткасці санкцый, напрыклад, у выглядзе эмбарга на пастаўкі расійскай нафты ў Еўропу, будзе толькі ў выпадку, калі Расія прыменіць хімічную зброю. Проста няма слоў. Толькі ўдумайцеся, да чаго ўсё дайшло: чакаць хімічнай зброі. Мы, жывыя людзі, павінны чакаць. Хіба ўсё, што расійскія вайскоўцы робяць да гэтага і зрабілі ўжо, не заслугоўвае нафтавае эмбарга?", — задаецца пытаннем Зяленскі.

Расійская і ўкраінская дэлегацыі сёння раніцай у Стамбуле пачнуць чарговы раўнд перамоў аб магчымым спыненні вайны. ВВС паведамляе, што сустрэча прызначаная на 10 гадзін.

Тым часам урад Вялікабрытаніі заклікаў усе дзяржаўныя арганізацыі краіны перагледзець супрацоўніцтва з расійскімі і беларускімі кампаніямі і, калі гэта магчыма, скасаваць здзелкі.

Амерыканскі акцёр Шон Пэн напярэдадні быў у Львове. Паездка адбылася ў рамках дабрачыннай праграмы для бежанцаў. Пэнн сустрэўся ў Львове таксама і з кіраўніком мясцовай адміністрацыі Максімам Казыцкім.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі