Вы тут

Абласныя бюджэты атрымаюць крэдыты пад 3%, каб дабудаваць малочныя фермы

Каровы / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Аляксандр Лукашэнка загадаў пракрэдытаваць абласныя бюджэты на 43 млн. рублёў, каб завяршыць будаўніцтва і рэканструкцыю малочных ферм. Грошы на гэта знойдзеныя за кошт рэшткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту, якія ўтварыліся на 1 студзеня 2019 года.

Брэсцкая вобласць атрымае да 8,1 млн. рублёў, Віцебская — да 12,5 млн., Гродзенская — да 5 226 тысяч, Мінская — да 6748,6 тысячы, Магілёўская — да 10 493,2 тысячы рублёў. На гэтыя грошы плануецца правесці работы больш чым на 50 аб'ектах, якія адносяцца да 18 перапрацоўчых арганізацый. Пра гэта гаворыцца ва ўказе кіраўніка Беларусі №342 ад 16 верасня 2019 года.

Бюджэтныя пазыкі выдаюцца пад стаўку ў 3% працэнтаў гадавых на тэрмін ад трох да пяці гадоў. Выплата працэнтаў па пазыках пачнецца з I квартала 2020 года, а працэнтаў, налічаных за 2019 год, — на працягу 2020 года штоквартальна роўнымі долямі, пачынаючы з 1 студзеня 2020 года. Вяртаць бюджэтныя крэдыты будуць роўнымі долямі штоквартальна, пачынаючы з I квартала 2021, не пазней за апошні рабочы дзень трэцяга месяца кожнага квартала.