Абаронца Бабарыкі заявіў, што не ведае, дзе знаходзіцца экс-банкір

Віктар Бабарыка ў судзе​ / Reuters
Віктар Бабарыка ў судзе​ / Reuters

Абарона экс-кіраўніка "Белгазпрамбанка" Віктара Бабарыкі не ведае, дзе ён знаходзіцца. Пра гэта піша на старонцы ў Facebook Дзмітрый Лаеўскі.

Лаеўскі быў адвакатам Бабарыкі на судовым працэсе, але адразу пасля быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі —як пісаў ён сам , "за тое, што я ў судовых спрэчках 22-23 чэрвеня абгрунтаваў невінаватасць іншых абвінавачаных па справе Віктара Бабарыка і папрасіў іх апраўдаць".

Аб пераводзе экс-банкіра ў наваполацкую папраўчую калонію №1 стала вядома раніцай у панядзелак. Пры гэтым адвакатам паведамілі, што Бабарыку адправілі ў Наваполацк яшчэ ў суботу, 10 ліпеня.

"Па стане на вечар аўторка (13.07.2021) няма пацверджання прыбыцця Віктара Дзмітрыевіча ў ВК - 1 Наваполацка", — піша Лаеўскі. Па яго словах, адвакаты спрабуюць высветліць сітуацыю.

Дзмітрый Лаеўскі таксама нагадаў, што "права на атрыманне юрыдычнай дапамогі маецца ў кожнага, незалежна ад працэсуальнага статусу і месца знаходжання". Таму, паводле яго слоў, "адвакаты будуць рэгулярна наведваць Віктара Дзмітрыевіча, дзе б ён ні знаходзіўся, і аказваць неабходную прававую падтрымку".

Віктара Бабарыка абвінавачвалі ў легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і атрыманні хабару. Віну ён не прызнаў, назваў справу палітычна матываванай. У сваім апошнім слове ў судзе казаў пра тое, што не можа прызнацца ў злачынстве, якога не здзяйсняў. Вярхоўны суд прыгаварыў экс-банкіра да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Пытанні да Бабарыкі ва ўладаў паўсталі ў мінулым чэрвені пасля таго, як ён заявіў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты. Праваабаронцы прызналі экс-банкіра палітвязнем. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі