Вы тут

Добраўпарадкаванне цэнтра Гомеля за $650 000: новая плітка і чацвёрты флагшток

Намінальны налічаны сярэдні заробак у Гомелі за студзень 2020 года склаў 1039,6 рубля. 

У цэнтры Гомеля на плошчы Леніна плануюць паставіць 60-метровы флагшток. Праект па “добраўпарадкаванні плошчы” будзе каштаваць 1 459 797 рублёў (больш за $657 000). Адпаведная аб’ява аб закупцы была размешчана на сайце тэндарных закупак 24 лютага. Заказчык — камунальнае ўнітарнае даччынае прадпрыемства "Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Гомеля" — узяць гэтую немалую суму збіраецца з мясцовага бюджэту.

Нетэлефонная размова

На што пойдуць гэтыя грошы? З гэтым ды іншымі пытаннямі Еўрарадыё паспрабавала звярнуцца непасрэдна да камунальнага прадпрыемства. Аднак начальнік аддзела арганізацыйна-інфармацыйнага забеспячэння Ірына Савіцкая адмовілася па тэлефоне каментаваць сітуацыю: “Я ж не ведаю, вы журналіст Еўрапейскага радыё ці чалавек не ведаю адкуль?” Па каментар Ірына Савіцкая прапанавала прыехаць непасрэдна да яе ў Гомель. Дзякуй, але далекавата.

Работы ўжо пачаліся 

Першыя звесткі пра праект з’явіліся яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Тады з’явіўся тэндар, які ў выніку не быў рэалізаваны. Пра гэта Еўрарадыё расказаў гомельскі актывіст і кіраўнік урбаністычнай ініцыятывы Smart Homel Яўген Меркіс. Але раптоўна 21 лютага на плошчы Леніна з’явілася будаўнічая тэхніка. 

Фота: t.me/gomel_new

“Мы, незадаволеныя гараджане, датэлефанаваліся ў суботу (22 лютага. — Еўрарадыё) на прамую лінію аблвыканкама. Задалі пытанне, чаму няма тэндара? І вось у панядзелак з’явіўся новы тэндар, з якога стала вядома гэта астранамічная сума. Гэта, вядома, не толькі сам флагшток, але і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Але з тых відарысаў, якія можна пабачыць у дзяржаўных СМІ, добраўпарадкаванне будзе зводзіцца да таго, што добрую плітку заменяць на больш новую”, — кажа Яўген Меркіс.

 

gp.by

Побач ужо ёсць тры флагштокі

На сайце petitions.by распачаўся збор подпісаў супраць усталявання ў цэнтры Гомеля флагштока. За некалькі гадзін пад заявай ужо падпісалася больш за 1000 чалавек.

“На цэнтральнай плошчы Гомеля, побач з якой з’явіцца гэты флагшток, і так ужо ёсць тры вялікія флагштокі, на якіх ёсць герб Гомеля, герб вобласці і дзяржаўны сцяг. Мы лічым, што марнаваць велізарныя грошы на такую вельмі паказушную ідэю — гэта проста глупства сусветнага маштабу”, — дадае Яўген Меркіс. 

Актывісты звяртаюць увагу, што гэты аб'ект не прадугледжаны генпланам, а значыць, яго будаўніцтва павінна праходзіць праз грамадскае абмеркаванне, якога не было. 

Урбаністы таксама будуць рыхтаваць зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю, каб ведамства праверыла прававы статус гэтага аб’екта. Па словах Яўгена Меркіса,  месца, дзе збіраюцца паставіць новы флагшток, уваходзіць у ахоўныя зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці палацава-паркавага ансамбля. 

“Магчыма, гарадскія ўлады паспрабуюць прыкрыцца тым, што гэта добраўпарадкаванне. Добраўпарадкаванне паводле гэтага закона дазволена, але 60-метровы флагшток — гэта не добраўпарадкаванне, гэта — не кусцік пасадзіць”.  

“Па-багатаму”, амаль як у сталіцы

gp.by

Як паведамляе “Гомельская праўда”, гомельскі флагшток будзе на 10 метраў меншы, чым стэла на плошчы Дзяржаўнага сцяга ў Мінску. Памер палотнішча гомельскага сцяга складзе 12х6 метраў. Мяркуецца, што адкрыццё аб'екта пройдзе ў пачатку траўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.