5 беларускіх артыстаў выступяць на Tallin Music Week

Беларускія каманды Super Besse і Trubetskoy, фолк-гурт Altanka і электроншчыкі Alexei De Bronche і Deech выступяць у межах аднаго з найбуйнейшых у Еўропе шоў-кейс-фестывалю Tallin Music Week. Апроч эстонскіх музыкаў, гаспадароў фэсту, у Талін прыедуць 84 калектывы з 25 краін свету. Сярод вядомых удзельнікаў сёлетняга форуму — брытанцы All We Are, аўстрыйцы Moonlight Breakfast, Jennie Abrahamson з Швецыі, добра вядомая беларускай публіцы літоўская спявачка Аліна Арлова, расіяне Ніна Карлсан і On-The Go, латышы Carnival Youth.


Па словах кіраўніка фестывалю Хелен Сілдна, беларускія музыкі адзначыліся сёлета вялікай актыўнасцю, і з усіх дасланых заявак куратарам фэсту было складана вызначыцца з тымі, хто выйдзе на сцэну ў Таліне.


Tallinn Music Week 2015 уключаны ў топ-5 лепшых "зімовых" фестываляў па версіі адразу двух буйных брытанскіх газет — Guardian і The Observer. Канцэртную праграму можна паслухаць цягам трох асноўных дзён на 30 сцэнах, большая частка якіх знаходзіцца ў раёне маляўнічай старой часткі горада. Таксама ў межах Tallinn Music Week пройдзе спецыялізаваная канферэнцыя, якая збярэ некалькі соцень прадстаўнікоў фестываляў, лэйблаў, прамоўтэраў, мэнэджараў і музычных журналістаў з многіх краін Еўропы і свету.

Фестываль пройдзе з 25 па 29 сакавіка. Партнёрам Tallinn Music Week у Беларусі з'яўляецца сайт Experty.by. Квіткі на фэст можна набыць у Беларусі. Падрабязнасці тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі