22 красавіка завяршаецца рэгістрацыя на ЦТ
Абітурыенты, ілюстрацыйнае фота / sb.by
22 красавіка завяршаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Пра гэта нагадвае Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ).
Да 12:00 можна скарыстацца электроннай формай для рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставанне на сайце РІКВ. Потым да 19:00 дакументы можна будзе падаць у пунктах пропуску.
Абітурыентам, якія зарэгістраваліся анлайн, неабходна забраць у пункце рэгістрацыі пропуск. Сёння — апошні дзень для гэтага. "Без папяровага пропуску не дапусцяць да тэставання, нават калі зарэгістраваны", — нагадваюць у РІКВ.
ЦЭ і ЦТ пройдуць у адзіныя тэрміны для выпускнікоў 2026 года, выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. 26 траўня адбудзецца ЦЭ па прадмеце на выбар для 11-класнікаў і ЦТ па прадмеце на выбар для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў. ЦЭ па беларускай або рускай мове для 11-класнікаў і ЦТ па беларускай або рускай мове для выпускнікоў мінулых гадоў і выпускнікоў каледжаў пройдуць 29 траўня. ЦТ па прадмеце на выбар для ўсіх абітурыентаў адбудзецца 2 і 5 чэрвеня.
Рэзервовымі днямі для ЦТ прызначаныя 18, 20, 22 чэрвеня. Рэзервовыя дні для ЦЭ — 20, 22 чэрвеня, іншыя тэрміны — 17, 19 жніўня.
Для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні можна будзе зарэгістравацца з 8 па 11 чэрвеня.