16-гадоваму слонімцу выставілі абвінавачванне ў забойстве яго дзядулі і бабулі

16-гадоваму слонімцу выставілі абвінавачванне ў забойстве яго дзядулі і бабулі

16-гадоваму слонімцу выставілі абвінавачванне ў двайным забойстве. Артыкул — “Забойства, здзейсненае пры абцяжарваючых абставінах” (п. 1 ч. 2 арт. 139 КК), піша ў Facebook афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Трагічнае здарэнне адбылося ў Слоніме (Гродзенская вобласць) 30 красавіка. Там былі забітыя 64-гадовы скульптар Леанід Богдан і яго 61-гадовая жонка. Пад падазрэнне трапіў іх унук, яго затрымалі. Як піша Ганчарова, падчас допыта юнак пацвердзіў, што забіў сваіх дзядулю і бабулю. Прычынай ён назваў абвастрэнне канфліктных адносін з імі, якія існавалі працяглы час.

Вядома, што дзядуля і бабуля выхоўвалі ўнука з 3-гадовага ўзросту. Яго маці стварыла новую сям’ю, жыве ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, а бацька жыве ў Мінску, дзе займаецца бізнесам. Паведамлялася, што юнак выкарыстаў нож, металічны шуфлік і сякеру. Ён спрабаваў ашукаць следства, прапанаваў версію пра налёт невядомых у масках, але доўга на ёй не настойваў.

Канчатковую прававую ацэнку дзеянням слонімца дадуць па выніках расследавання крымінальнай справы, з улікам заключэнняў экспертаў. Ужо прызначана правядзенне комплекснай стацыянарнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы абвінавачванага. Яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі