Зянон Пазняк звярнуўся да Лукашэнкі і Зяленскага з прапановай аб абмене

Калючы дрот/ ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Калючы дрот/ ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Лідар партыі КХП-БНФ Зянон Пазняк звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага з прапановай абмяняць беларусаў-ваеннапалонных, якія ваявалі на баку Расеі, на беларускіх жа палітвязняў. Пазняк падкрэсліў, што звяртаецца да абодвух палітыкаў "як да звычайных людзей, не ўжываючы афіцыйных тытулаў", таму што справа, па якой ён звяртаецца, "мае перш за ўсё маральны характар". Пазняк падтрымаў зварот беларускіх грамадзян Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча да Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя двое трапілі ў палон ва Украіне і прасілі абмяняць іх на беларускіх палітвязняў.

Пазьняк просіць паспрыяць гэтаму абмену. Ён прапануе абмяняць гэтых ваеннапалонных на "Вольгу Віктараўну Залатар — маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўлення волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі". На думку Пазняка,"такі абмен магчымы, ён будзе добрым для ўсіх".

Нагадаем, беларус Андрэй Герыловіч ваяваў у складзе ПВК "Вагнер" і трапіў у палон у лістападзе 2022 года пад Бахмутам. Яго прыгаварылі да 9 гадоў зняволення. Максім Зязюльчык, ваяваў ва Украіне ў шэрагах расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Рэдут". Яго асудзілі на 10 гадоў. У інтэрв'ю ўкраінскім медыя Зязюльчык сярод іншага распавядаў, што ў разгоне мітынгаў і маршаў пратэсту ў 2020 годзе браў удзел расійскі АМАП.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі