Зяленскі перадаў кангрэсменам украінскі сцяг ад абаронцаў Бахмута

Сцяг ад вайскоўцаў з Бахмута ў Кангрэсе ЗША / АР
Сцяг ад вайскоўцаў з Бахмута ў Кангрэсе ЗША / АР

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў у Кангрэсе ЗША — ён казаў пра тое, што ўкраінцы ўжо "перамаглі Расію ў бітве за думкі свету", але трэба перамагчы Крэмль і на полі бітвы.

"Гэта бітва не толькі за зямлю, за тую ці іншую частку Еўропы. Гэта бітва не толькі за жыццё, свабоду і бяспеку ўкраінцаў або любога іншага народа, які Расія імкнецца заваяваць. Гэта бітва за тое, у якім свеце будуць жыць нашы дзеці і ўнукі і іх дзеці і ўнукі. Яна вызначыць, ці будзе гэта дэмакратыя — для ўкраінцаў і для амерыканцаў, для ўсіх", — заявіў украінскі прэзідэнт.

Ён мяркуе, што наступны год будзе вырашальным. Гэта будзе час, калі "украінская смеласць і амерыканская рашучасць" павінны гарантаваць будучыню людзей, якія стаяць за свабоду і свае каштоўнасці. Пасля выступу Зяленскі перадаў кангрэсменам украінскі сцяг ад вайскоўцаў з Бахмута. Яны прасілі гэта зрабіць у знак падзякі за дапамогу, якую аказваюць ЗША Украіне.

А перад выступам у Кангрэсе Зяленскі сустракаўся з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Байдэн запрасіў Зяленскага ў Вашынгтон, бо мяркуе, што вайна ва Украіне ўступіла ў "новую фазу", піша Hromadske са спасылкай на заяву Белага дома.

На прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў амерыканскі прэзідэнт заявіў, што дапамога Украіне цяпер сканцэнтравана на пастаўках СПА, артылерыйскіх сістэм, танкаў, браніраваных машын, а таксама боекамплектаў. У Байдэна спыталі аб магчымасці паставак тактычных балістычных ракет ATACMS, якія маюць далёкасць прымянення да 300 км. Ён сказаў, што перадача такой зброі "можа падзяліць NATO і ЕС", і што многія краіны баяцца апынуцца ў стане вайны з Расіяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі