Вы тут

Зяленскі — Парашэнку: здайце ключ і разлічыцеся за міні-бар! (відэа)

Уладзімір Зяленскі / УНІАН

У новаабранага ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага скончылася цярпенне, у відэазвароце ён заявіў патрабаванне да Вярхоўнай Рады прызначыць дату інаўгурацыі на 19 траўня. Таксама Зяленскі жорстка выказаўся пра дзеянні прэзідэнта Пятра Парашэнкі, які дапрацоўвае свой тэрмін.

Уладзімір Зяленскі нагадаў парламентарам, што яны павінны выконваць свае абавязкі ў інтарэсах сваіх суайчыннікаў. "Пакуль жа вы дзейнічаеце выключна ў сваіх інтарэсах, баіцеся роспуску Рады і зацягваеце прызначэнне даты інаўгурацыі", — заявіў новаабраны прэзідэнт Украіны.

А ў гэты час, кажа Зяленскі, Парашэнка "здзяйсняе незваротнае", "праводзіць актыўныя перастаноўкі ў вышэйшым камандаванні арміі", раздае званні генералаў, Героя Украіны, робіць іншыя прызначэнні.

"Ён [Пётр Парашэнка] нагадвае мне турыста ў егіпецкім гатэлі, — гаворыць Уладзімір Зяленскі. — Заўтра дахаты, валізы ўпакаваныя, нумар ужо прыбралі. І нармальна выхаваны чалавек чакае трансферу ў аэрапорт. Але не Парашэнка. Ён ніяк не спыніцца. Цягне рушнікі, тапкі і бярэ ўсё запар са шведскага стала. Я вас вельмі прашу: здайце ключ! Разлічыцеся за міні-бар і — наперад! Вам яшчэ мытню і пашпартны кантроль праходзіць.

Якраз таму я звяртаюся да Вярхоўнай Рады. На найбліжэйшым пасяджэнні вы павінны прызначыць дату інаўгурацыі на 19 траўня. Гэтага патрабую не я. Гэтага патрабуе народ Украіны, у інтарэсах якога вы прысягалі дзейнічаць. Вы павінны спыніць гэтыя палітычныя сударагі кульгавай качкі. Краіна мае патрэбу ў звычайнай працы ўсіх інстытутаў, народ не павінен чакаць, пакуль хтосьці напрызначаецца перад доўгім адпачынкам. Думайце, калі ласка, не пра дэпутацкія ксівы, думайце пра Украіну. 19 траўня. Галасуйце".

Як вядома, Вярхоўная Рада хоча прызначыць дату інаўгурацыі Уладзіміра Зяленскага як мага пазней, каб ён не меў права яе датэрмінова распусціць.